Берасьцейскі гарвыканкам прыняў пастанову, у якой адмяніў правядзеньне масавых мерапрыемстваў і скараціў час працы установаў да 23:00. Фота дакумэнту апублікавала «Эўрарадыё».
Паводле пастановы, ад 10 лістапада да 10 сьнежня:
- абʼекты грамадзкага харчаваньня і забаўляльныя ўстановы будуць працаваць да 23-й гадзіны;
- адмяняюцца ўсе масавыя мерапрыемствы ў закрытых памяшканьнях, а таксама рэклямныя акцыі, дэгустацыі і мерапрыемствы на гандлёвых абʼектах.
З 11 лістапада абавязковы масачны рэжым уводзяць у Полацку і Полацкім раёне, паведамляе gorod214.by. Маскі абавязкова трэба будзе апранаць, уваходзячы ў крамы, гандлёвыя цэнтры, аб'екты грамадзкага харчаваньня, установы аховы здароўя, культуры, адукацыі, спорту, сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва; пры наведваньні адміністрацыйных будынкаў, аддзяленьняў сувязі, пошты, банкаў, бытавога абслугоўваньня, аптэк; у грамадзкім транспарце.
Таксама з 11 лістапада ў Полацкім раёне максымальна скароцяць колькасьць масавых мерапрыемстваў.
6 лістапада масачны рэжым увялі ў Магілёве і Лідзе. 9 лістапада — у Гомельскай вобласьці і ў Бабруйску.
Афіцыйных дадзеных пра колькасьць хворых на COVID-19 у асобных рэгіёнах і гарадах не даюць зь вясны. Паведамляюць толькі агульную лічбу па краіне — апошні тыдзень рэгіструюць амаль па тысячы выпадкаў штодня.