Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры ўрокі выбараў у ЗША для Беларусі


Хаця ўжо цяпер можна прадбачыць, хто пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША, пачакаем канчатковых падлікаў.

Дарэчы, і пасьля іх некарэктна будзе ўжываць слова «абраны»: працэдура абраньня прэзыдэнта электарамі адбудзецца толькі ў сьнежні, вось з таго моманту і можна выкарыстоўваць гэты тэрмін. Да сьнежня правільна будзе казаць — «перамог».

Амэрыканскія выбары далі мінімум тры ўрокі, важныя для краіны, дзе свабодных і дэмакратычных выбараў не было чвэрць стагодзьдзя.

Першы: значэньне мае кожны голас. І справа ня толькі ў тым, што, у сілу асаблівасьці амэрыканскай выбарчай сыстэмы, у кожным асобным штаце (за выключэньнем Мэна і Нэбраскі, дзе колькасьць электараў разьмяркоўваецца прапарцыйна галасам) «пераможца атрымлівае ўсё» (літаральна, усе галасы электараў). Скажам, імя пераможцы выбараў 2000 году вырашылася пералікам галасоў у Флорыдзе, дзе Буш апярэдзіў Гора на 537 галасоў пры амаль шасьці мільёнах удзельнікаў галасаваньня. Кандыдаты да апошняй хвіліны вядуць агітацыю сярод выбаршчыкаў, бо галасы выбаршчыкаў — адзіная магчымасьць атрымаць перамогу. Выкарыстаньне іншых спосабаў (напрыклад, адміністрацыйнага рэсурсу) можа скончыцца судом.

Другі ўрок якраз тычыцца суду. Адным з гарантаў справядлівасьці выбараў выступае судовая сыстэма. Цяпер мы бачым судовыя рашэньні, прынятыя як на карысьць Байдэна, гэтак і на карысьць Трампа. Судзьдзі ў ЗША сапраўды незалежныя што ад выканаўчай, што ад прадстаўнічай улады.

Трэці ўрок у тым, што Канстытуцыя — вышэй за ўсё. У тым жа 2000 годзе Клінтан, нягледзячы на шэраг скандалаў, задавальняў большасьць амэрыканцаў (найперш дзякуючы стану эканомікі) і, паводле аналітыкаў, перамог бы любога апанэнта. Але — Канстытуцыя абмяжоўвае знаходжаньне на пасадзе двума тэрмінамі. Бо калі народ мае права на памылку, ён павінен мець і гарантаванае права яе выправіць.

Актуальна ня толькі для Амэрыкі, праўда?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Як галасуюць на выбарах у ЗША. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG