Як даведалася Радыё Свабода, каля 19.00 у кватэру Ніны Багінскай уварваліся людзі без апазнавальных знакаў. Яны заявілі, што павінны правесьці там сьледчы экспэрымэнт і што справа зьвязаная з унучкай Ніны Багінскай, якая пражывае разам зь ёю.
Ніна Багінская стала адным з сымбаляў мірных пратэстаў у Беларусі. Яна наведвае амаль усе акцыі зь вялікім бел-чырвона-белым сьцягам.
Як расказалі Свабодзе суседзі, спадарыня Багінская выклікала на невядомых людзей міліцыю. Неўзабаве ў кватэру падняліся каля дзясятка людзей у чорнай вопратцы, падобнай да адзеньня людзей, якія зьбіваюць удзельнікаў мітынгаў. Чалавек, як праводзіў вобшук, назваў сябе Стральцовым.
Адзін зь міліцыянтаў, які прыбыў на выклік Багінскай, сьцьвярджае, што яна ўдарыла яго табурэткай.
Па словах суседзяў, у пад’езьдзе было чуваць, што ў кватэры адбываецца сварка. Кватэру ахоўвалі некалькі чалавек. У двары дому Багінскай былі запаркаваныя два мікрааўтобусы. Сілавікі затрымлівалі людзей у двары, сярод іх быў і сын Багінскай.
Пасьля 21.00 праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што вобшук у кватэры скончыўся. З кватэры нічога не забралі, апрача сьцяга з балькона. Ніну Багінскую не затрымлівалі.