Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таксіст, які ў дзень інаўгурацыі ўратаваў хлопца на Пушкінскай, расказаў, як усё было


Падчас вечаровых пратэстаў у Менску 23 верасьня 2020 году.
Падчас вечаровых пратэстаў у Менску 23 верасьня 2020 году.

Эўрарадыё знайшло таксіста, які 23 верасьня, падчас вечаровых пратэстаў супраць таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, у раёне мэтро «Пушкінская» ўратаваў хлопца, за якім гналіся сілавікі. Відэа гэтага ўчынку разышлося па сьвеце.

Цяпер хлопец за межамі Беларусі, таму Эўрарадыё вырашыла апублікаваць размову зь ім, запісаную амаль адразу пасьля ягонага ўчынку.

«Мне 21 год. Я з Горадзенскай вобласьці. Пераехаў у Менск жыць і працаваць. Адразу ўладкаваўся ў таксі. Працую троху больш за паўгода. У той дзень мы зь дзяўчынай паехалі на «Пушкінскую». Калі ўбачылі, што сілавікі ўжо пачынаюць бегаць, мы хутка селі назад у машыну і паехалі.

Калі сталі на чырвонае сьвятло сьвятлафора, я зьвярнуў увагу, што за хлопцам бягуць сілавікі. Спачатку да пад’езду падбег адзін, але хлопец саскочыў з парэнчаў, каб сілавік яго не дагнаў. Сілавік падумаў і скочыў сьледам.

Я крычаў хлопцу, каб ён бег сюды і сядаў у машыну. Спачатку ён, відаць, не пачуў мяне і пабег у іншы бок. Я крыкнуў яму зноў, і ён пабег ужо да машыны. Пакуль ён сядаў у машыну, да мяне падбег сілавік і пачаў біць электрашокерам. Як толькі хлопец зачыніў дзьверы, я выруліў і зьехаў адтуль.

Яны мне троху разьбілі машыну, разьбілі шкло. Мы паразмаўлялі з хлопцам, далі яму вады, спыталіся, куды яму трэба, і падвезьлі яго бліжэй да дому.

Калі хлопец сядаў у машыну, я стараўся адбіцца ад электрашокера, бо мог страіць прытомнасьць, і тады наступствы былі б значна горшыя. Я хацеў яму дапамагчы, бо цяпер усе цудоўна ведаюць, што сілавікі робяць, не хацелася б, каб хлопцу дасталася і ён стаў пасьля калекам. Вельмі хацелася яму дапамагчы, таму я яго паклікаў да сябе. Страшна не было. Сытуацыя была такая, што ўсё вырашалася за долі сэкунды.

Гэта быў арандаваны аўтамабіль, і арандаваў я яго не ў самога таксапарку. Мне разьбілі заднюю фортку, ударылі па дзьвярах, у выніку іх так скрывіла, што задняя шыба не зачыняецца. Пабілі таксама багажнік, зрабілі ўмяціну на крыле, так што фара вытыркаецца. Калі выехаў на бардзюр, пашкодзіў дыск, але хлопцы мне дапамаглі і выраўнялі яго. Вялікі дзякуй ім за гэта. Калі я мяняў шкло на адной СТА, да мяне падышоў чалавек, які пазваніў на іншую СТА, і там мне зрабілі дыск бясплатна.

Цяпер я пляную на нейкі час пераехаць у іншую краіну, бо наступствы могуць быць сур’ёзныя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG