Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«АМАП нават дзяцей выгульвае ў балаклавах, а я не баюся», — удзельніца Маршу пэнсіянэраў. ВІДЭА


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Удзельніца ўсіх маршаў пэнсіянэраў і старшыня ініцыятывы «Наша пакаленьне» Тацяна Зялко адказвае на пытаньні «Чаго вам не хапае?», «Хочаце як ва Ўкраіне?», расказвае пра сутыкненьні з АМАПам і рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў.

Чаму пэнсіянэрам «не сядзіцца дома»

Мне 67 год, і ўсе гэтыя гады я чакаю лепшага жыцьця. У дзяцінстве мы чакалі разьвітога сацыялізму, потым чакалі камунізму, затым свабоды і дэмакратыі. І я ўсё жыцьцё чакаю, што я калі-небудзь буду жыць лёгка, свабодна і заможна. Каб я магла кудысьці паехаць, каб недзе адпачыць, пабачыць нешта новае. Я хачу жыць на ўзроўні эўрапейскіх пэнсіянэраў. Вось чаго мне не хапае. І, бадай што, ня толькі мне. Я хачу хоць рэшту жыцьця пражыць нармальна.

Чаму пэнсіянэры не вырашаюць свае пытаньні «не на вуліцы»

Я б сама пайшла на выбары, калі б яны ў нас былі. Але іх у нас 25 год як няма. У нас імітацыя выбараў. Я была ў камісіях, назірала. А апошнія выбары нават я не чакала такога хамства і самаўпраўства, дарэчы, за нашы грошы. Нас не пусьцілі нават на парог участку. Мяне асабіста ў карак выганялі са школы, не дазвалялі блізка падысьці. Але мы і так бачылі, хто прыходзіў па 3–5 разоў галасаваць. Гэта нашая «доблесная міліцыя», мы гэта раскрылі. Яны каруселілі на ўчастках. Мы некалькі разоў спрабавалі зарэгістраваць сваю ініцыятыву пэнсіянэрам. Нам адмаўлялі.

Чаму пэнсіянэры больш не «апора Лукашэнкі»

Ня толькі пэнсіянэры зразумелі, што трэба нешта мяняць у нашай краіне. Людзі падняліся. Яны стаміліся ад хлусьні, ад існаваньня, а не жыцьця. Яны ведалі, за каго яны галасавалі, і вырашылі абараніць свой голас.

Ня ўсе пэнсіянэры былі пагалоўна «электаратам». Большая частка і не была. Проста людзі сталага ўзросту выйшлі з СССР. А там мы прызвычаіліся, што калі нам нешта скажуць, то мы павінны гэта і рабіць. Гэта ўжо мэнталітэт. Але тут ужо і звычка, і надзея, усё грымнулася.

Нас труцілі газам, кідалі гранаты. Тым ня менш мы не адступілі. Адкрылі аўтобусы і не далі ім зьехаць. Пэнсіянэры больш не баяцца, ім няма чаго губляць, і яны гэта зразумелі.

Тацяна Зялко праз паўгадзіны пасьля эфіру. У першым шэрагу (у сьветлай куртцы, справа)
Тацяна Зялко праз паўгадзіны пасьля эфіру. У першым шэрагу (у сьветлай куртцы, справа)

«Хочаце як ва Ўкраіне»?

Хачу. Там вольна дыхаецца. Там можна казаць усё, што ты думаеш. Там, калі людзі хочуць зьмяніць жыцьцё, яны яго зьменяць. Там зьмяняецца прэзыдэнт. Не спадабаўся? Зьмянілі. Любы. Гэты не спадабаецца? І гэтага зьменяць.

І ўзровень жыцьця, пры ўсёй іх беднасьці і вайне, там вышэйшы. Людзі рваліся на Ўкраіну, каб купіць паесьці і апрануцца. А ў нас жа такая квітнеючая краіна.

Навошта выходзіць на вуліцу?

Трэба паказаць, што мы іх не баімся. Больш за ўсё ім падабаецца, калі мы іх баімся і калі ад іх уцякаем. Калі мы не ўцякаем, то яны ў ступары. Па-другое, нам трэба абараніць нашых дзяцей.

Калі сілавікі спрабавалі затрымліваць лекараў, якія выйшлі нас падтрымаць, мы, бабулі, сталі ў счэпку і сказалі: «Не праедзеце». Яны ўсіх адпусьцілі і далі паказаць, што ў аўтобусе няма нікога, акрамя іх. Падышлі да нас і кажуць: «Дайце нам зьехаць». Пачалі размаўляць. Я яму сказала: «Я з табой размаўляю з адкрытым тварам. Я да Караева зварот запісвала з адкрытым тварам. Чаму ты з закрытым?». Стаіць, калоціцца, у адной руцэ дубінка, у другой балёнчык.

У мяне праз дарогу цэлы дом зь імі, з АМАПаўцамі. 20 паверхаў. Дык яны, бывае, у балаклавах выгульваюць дзяцей. Яны баяцца паказаць твар. Ставяць свае машыны каля нас і абыходзяць дзясятай дарогай, каб трапіць у свой дом. Яны баяцца, бо начальнікі зьедуць, а яны застануцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG