Паводле Сьвятланы Ціханоўскай, гэты тыдзень паказаў, што беларускі народ гатовы жыць у новай краіне і браць адказнасьць за будучыню, у той час, як «памагатыя рэжыму ня здольныя на адказнасьць наогул».
«Адказнасьць за будучыню — гэта калі страйкамы «Гродна Азота», «Беларуськалія», МЗКЦ і іншых заводаў і прадпрыемстваў растуць. А калі кіраўніцтва звальняе людзей за іх пазыцыю — гэта адыход ад адказнасьці.
Адказнасьць за будучыню — гэта калі студэнты страйкуюць, рызыкуючы страціць свае месцы ў ВНУ. Калі дэкан факультэта ў БДУІР падае заяву аб адстаўцы, каб не падпісваць загады аб адлічэньнях. А калі рэктар БДМУ зачыняецца на ключ ад сваіх студэнтаў — гэта адыход ад адказнасьці.
Адказнасьць за будучыню — гэта калі вучні чацьвёртай гімназіі пытаюцца настаўнікаў: «Як палітыка можа не закранаць нас, калі я ня ведаю, ці прыйдзе мой тата ўвечары дадому?» А калі пэдагогі адлічваюць моладзь, выдаючы позвы ў войска — гэта адыход ад адказнасьці.
Адказнасьць за будучыню — гэта калі лекары разам адстойваюць калегаў зь Менскай абласной клінічнай бальніцы, якіх зьбіраліся звольніць за іх пазыцыю. А пагрозы тым, хто ратуе людзей ад Кавіда — гэта адыход ад адказнасьці.
«Адказнасьць за будучыню — гэта калі ў Вялікім тэатры сьпяваюць „Магутны божа“, калі гэты гімн забараняюць выконваць у цэрквах. А ціск на артыстаў і сьвятароў — гэта адыход ад адказнасьці.
Адказнасьць — гэта калі прыватны бізнэс, фонды салідарнасьці і лякальныя супольнасьці дапамагаюць страйкоўцам. А шкодзіць бізнэсу і ня думаць пра эканамічныя наступствы — гэта адыход ад адказнасьці.
Пакуль народ зьдзяйсьняе гэтыя няпростыя, але важныя перамогі, рэжым становіцца ўсё слабей. Ён губляе аўтарытэт нават сярод сваіх прыхільнікаў. Ён губляе ўстойлівасьць, паўтараючы адны і тыя ж пагрозы і зачыняючы мяжы ад свайго ж народа. Улада — гэта адказнасьць, і дзень за днём рэжым губляе ўладу. І яе здабывае народ.
Крытычная кропка дысцыплінарных звальненьняў дасягнутая. Любыя далейшыя адлічэньні і рэпрэсіі будуць развальваць рэжым удвая хутчэй. Таму зараз яны спадзяюцца масава запалохаць нас. Але яны не разумеюць, што страх у беларусаў ужо перарос у рашучасьць ісці да перамогі. Пакуль іх вэртыкаль улады руйнуецца, мы аб’ядноўваемся і становімся мацней. Мы ўжо ўмеем абыходзіцца без гэтага рэжыму. Гэта і ёсьць улада народа — мірная і настойлівая сіла людзей, якія ў адказвае адзін за аднаго».