Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў абараніць працоўныя калектывы. Пра гэта ён заявіў, прызначаючы новых памочнікаў у Менску і рэгіёнах.
«Гэта тычыцца і Горадні, і Берасьця. Вось кажуць, на „Азоце“ аж пад сотню чалавек выйшла. Пачалі разьбірацца, дык там прышлых колькі з боку. Таму трэба абараніць тых рабочых, якія хочуць працаваць. І ня толькі рабочых — настаўнікаў, лекараў і гэтак далей. Хто дэманстраваць хоча... Я ўжо казаў: мы зь імі лепш будзем на вуліцы разьбірацца», — цытуе яго БелТА.
Лукашэнка прызнаўся, што яму «дрэнна робіцца», калі падначаленыя дакладваюць, што недзе «лекар разгарнуў калябаранцкі сьцяг». Ня кажучы пра настаўнікаў.
Расказаў ён і пра акцыі ў тэатрах, загадаўшы зьвярнуць увагу на працу тых, хто адказвае за бясьпеку ва ўстановах культуры.
«Людзі прыйшлі опэру паслухаць, спэктакль паглядзець. Яны, пратэстоўцы, загадзя скупляюць квіткі, дзьве-тры хвіліны, здымак зрабілі і разьбегліся».
Гэтаксама Лукашэнку абурыла сытуацыя ў ВНУ, дзе некалькі завадатараў не даюць вучыцца «нармальным студэнтам».
«Трэба разумець, што такіх 10–15 чалавек. Астатнія нармальныя людзі. Мы ж былі студэнтамі. Адзін пайшоў, іншыя думаюць: ну як застацца — штрэйкбрэхерамі абзавуць, адшчапенцамі, здраднікамі. Ну, і ідуць натоўпам», — сказаў ён, скептычна ацаніўшы намер некаторых студэнтаў зьехаць за мяжу.
«Аб’яўляюць палякі, літоўцы ды іншыя. Не пытаньне, заўтра выпішам квіткі, хай едуць. Але толькі ў лінгвістычным унівэрсытэце вучаць замежным мовам. У Польшчы, Чэхіі і нават у Літве людзей, якія ўмеюць размаўляць на розных мовах, дастаткова. Кагосьці пакінуць — аднаго-двух, і тое фізыкаў, матэматыкаў. Калі ім там мазгі прамыюць, як гэта робяць палякі, каб нам падкінуць як пятую калёну, дык гэтага ня будзе».
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што даручыў ураду зрабіць бліжэйшым часам захады дзеля непрызнаньня дыплёмаў, атрыманых за мяжой.