Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міліцыянт пхнуў нагой — ці жывы хоць». Жанчыну закінулі на падлогу аўтобуса разам з пабітым братам Героя Беларусі 


Дэманстранты і АМАП падчас «Маршу гонару» 11 кастрычніка
Дэманстранты і АМАП падчас «Маршу гонару» 11 кастрычніка

Жыхарка Менску Надзея Кандраценка расказала Свабодзе, як падчас «Маршу гонару» 11 кастрычніка байцы АМАП зьдзекаваліся зь мірных пратэстоўцаў.

Момант свайго затрыманьня яна пасьпела зьняць на відэа. А пабітым раварыстам у кадры аказаўся старэйшы брат Героя Беларусі біятляністкі Дар’і Домрачавай, архітэктар Мікіта Домрачаў. Разам зь ім на падлозе міліцэйскага аўтобусу яны даехалі да Фрунзэнскага РУУС сталіцы.

«Шалёныя вочы, суцэльны мат, маюць асалоду, калі іншым балюча»

Паводле жанчыны, прыкладна а 16-й гадзіне яна зь сяброўкай спрабавала ўцякаць ад сілавікоў па вуліцы Зыбіцкай. Прыйшлося хавацца ў жалезным боксе з кантэйнэрамі для сьмецьця. Там ужо прытаіліся некалькі маладых дзяўчат і пажылая пара.

Жанчыну закінулі на падлогу аўтобуса разам з пабітым братам Героя Беларусі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:27 0:00

«Літаральна ў нас на вачах амапаўцы зьбілі з ровара мужчыну і проста так, без аніякай прычыны, пачалі яго жорстка біць дубінкамі і нагамі — па ўсім целе, галаве, — гаворыць Надзея. — Я ўсё гэта здымала на тэлефон і акурат у той момант мяне самую схапілі. Спрабавала давесьці, што тут адны жанчыны, але ў выніку скруцілі і запхнулі ў аўтобус. Як потым убачыла на іншым відэа, усіх з гэтага боксу гэтак жа вывелі».

Надзея Кандраценка
Надзея Кандраценка

Сваю сяброўку Надзея ня можа знайсьці дагэтуль. У ізалятары на Акрэсьціна сьпісы затрыманых не агучваюць, адсылаюць у Жодзіна. Там таксама ніякай канкрэтыкі. Самой удалося выйсьці з Фрунзэнскага РУУС толькі дзякуючы таму, што схлусіла: маўляў, дома засталося малое дзіця.

«Гэта было маё другое затрыманьне, мусіла схлусіць, бо адназначна пайшла б на „суткі“, — працягвае суразмоўніца. — Астатніх 60 чалавек, відаць па ўсім, адправілі ў Жодзіна, на Акрэсьціна іх няма. Гэта ўсё вельмі страшна, бо ніякага нават намёку на справядлівасьць. Пакуль на мяне складалі пратакол, трымалі 4 гадзіны. Кожнаму мянту давялося нешта даказваць. А сьледчы нават не чытае ніякіх пратаколаў, усё пад капірку. Я напісала, што з абвінавачаньнямі ня згодная».

Пры гэтым ім хапае часу сядзець у тэлеграм-чатах, сачыць за дваровымі актыўнасьцямі і высылаць у месцы збору «групы захопу», спасылаецца яна на перамовы апэратыўнікаў у аддзяленьні міліцыі.

Байцы АМАП на вуліцах Менска
Байцы АМАП на вуліцах Менска

А вось амапаўцы «проста неадэкватныя» самі па сабе, канстатуе Надзея Кандраценка. У свой час яна займалася спортам і па спадарожных прыкметах бачыць, што байцы былі пад узьдзеяньнем нейкіх прэпаратаў.

«Самае страшнае, калі затрымлівае АМАП, — дзеліцца яна. — Павалілі на падлогу, груба крычалі. Мужчын білі, сьцягвалі плястыкавай сьцяжкай рукі. Калі ў РУУС мянты проста замучаныя, то гэтыя — цалкам у неадэкваце, не зьдзіўлюся, калі пад наркатой. Шалёныя вочы, суцэльны мат, маюць асалоду, калі іншым балюча».

Аўтазакі на менскіх дарогах
Аўтазакі на менскіх дарогах

Раптам гвалт зьмяняецца гульлівасьцю, непрыстойнасьцямі, працягвае яна. Толькі што білі, і вось ужо адзін з ахоўнікаў прапануе з тэрмасу «хлябнуць гарбаткі».

«Загадаў разблякаваць тэлефон — кажа, зараз сэлфі будзем рабіць, — абураецца такім панібрацтам Надзея. — У іх відавочна былі наркотыкі ў крыві! Інакш як растлумачыць? То дзіка крычаць, то раптам лагодныя, рагочуць. Або рэакцыя на здымак торту для жыхароў нашага двара: „Наша кліентка, змагарка!“ Абсалютна замбаваныя, хоць на выгляд не старэйшыя за 30 гадоў кожны».

«Да прыезду ў РУУС ужо нават ня енчыў, ляжаў на падлозе і ледзь дыхаў»

Неўзабаве «пасажыраў» перагрузілі ў іншы аўтобус. Там ужо былі не амапаўцы, а звычайныя міліцыянты. Мужчына-раварыст тым часам сьцякаў крывёй, прасіў выклікаць «хуткую». На назе быў толькі адзін чаравік, іншы страціў пры затрыманьні. Праваахоўнікі абы-як пераматалі галаву, хоць кроў не спынялася.

Мікіта Домрачаў пасьля зьбіцця амапаўцамі
Мікіта Домрачаў пасьля зьбіцця амапаўцамі

«Адзін зь міліцыянтаў пры гэтым так і сказаў: капец, прабітая галава, — кажа Надзея. — Да моманту прыезду ў РУУС ён ужо нават ня енчыў, проста ляжаў на падлозе і ледзь дыхаў. Пачалі пхаць нагамі, каб пераканацца, ці жывы хоць. Яго ўжо зусім абмяклым выцягвалі з буса, сам падняцца ня мог».

Цяпер Надзея не сумняецца, што яе суседам аказаўся Мікіта Домрачаў, старэйшы брат алімпійскай чэмпіёнкі-біятляністкі Дар’і Домрачавай. Пакуль быў у прытомнасьці, увесь час прасіў вярнуць ровар ці прынамсі прымацаваць замком, бо ён яму вельмі дарагі.

Нягледзячы на траўмы, у Фрунзэнскім РУУС на дыплямаванага архітэктара склалі пратакол за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Цяпер яго чакае суд, дата пакуль невядомая.

Надзея кажа, што менавіта Мікітаў чаравік бачыла каля піцэрыі ў пачатку Зыбіцкай, дзе і адбыліся жорсткія затрыманьні. Там жа яна пасьля выхаду з РУУС знайшла і свае рэчы.

«А яшчэ хачу сказаць, якія ў нас неймаверныя людзі. Калі пачаўся хапун, кінула свой заплечнік да сьметніцы — у ім быў 3-мэтровы сьцяг нашага раёну, гаманец, пашпарт. А позна ўначы знайшла заплечнік у піцэрыі побач. І ўсе мае рэчы былі на месцы! Каб сьцяг знайшлі ў міліцыі, так хутка пэўна ня выйшла б», — не выключае яна.

Пацярпелыя падчас разгону акцыі 11кастрычніка
Пацярпелыя падчас разгону акцыі 11кастрычніка

Нядзельны «Марш гонару» 11 кастрычніка суправаджаўся беспрычыннай жорсткасьцю сілавікоў — толькі ў Менску затрымалі больш за паўтысячы чалавек. Многіх білі ня толькі на вуліцы, а і ў аўтазаках, і ў ізалятары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG