Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У некалькіх удзельнікаў выпрабаваньняў расейскай вакцыны выявілі COVID-19


Некаторыя ўдзельнікі выпрабаваньняў расейскай вакцыны «Спутник V» атрымалі станоўчы вынік тэсту на каранавірусную інфэкцыю.

У Цэнтры Гамалеі, які распрацоўваў вакцыну, выказалі здагадку, што заразіцца маглі тыя, каму ўводзілі ня сам прэпарат, а пляцэба. «Паводле статыстыкі, нейкія ПЦР-станоўчыя ёсьць і нейкія захворваньні, але ім маглі ўвесьці пляцэба. Папярэднія дадзеныя мы зможам падвесьці толькі ў сярэдзіне лістапада», — растлумачыў агенцтву РИА Новости дырэктар цэнтру Аляксандар Гінцбург.

З 9 верасьня ідзе трэці, завяршальны этап клінічных выпрабаваньняў «Спутника V». У ім удзельнічаюць каля 40 тысяч добраахвотнікаў.

Міністэрства аховы здароўя Расеі зарэгістравала гэтую вакцыну ў жніўні. Тады прэзыдэнт краіны Ўладзімір Пуцін назваў «Спутник V» першай зарэгістраванай у сьвеце вакцынай ад COVID-19. Як адзначаецца ў публікацыі РИА Новости, ва ўсіх 38 добраахвотнікаў, выпісаных у ліпені, выпрацаваўся імунітэт, і дасьледаваньні пацьвердзілі бясьпечнасьць рэчыва.

У сярэдзіне кастрычніка была зарэгістраваная другая расейская вакцына — «ЭпиВакКорона» навуковага цэнтру «Вектор» Расспажыўнагляду. У аўторак кіраўнік ведамства Ганна Папова паведаміла, што пачалася вытворчасьць гэтага прэпарату.

Абедзьве вакцыны зарэгістравалі да завяршэньня трэцяй стадыі клінічных выпрабаваньняў, што выклікала рэзкую крытыку з боку шэрагу спэцыялістаў, як у Расеі, так і за мяжой. Экспэрты адзначалі, што рэгістрацыя і масавае прымяненьне прэпарату да завяршэньня выпрабаваньняў можна лічыць рызыкоўным экспэрымэнтам.

Тым ня менш сьцьвярджалася, што «Спутником V» прышчапіліся некалькі высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў. А прэзыдэнт Пуцін заявіў, што прышчэпку з выкарыстаньнем вакцыны Цэнтру Гамалеі зрабіла адна зь яго дачок.

Да канца 2020 году, як чакаецца, могуць зарэгістраваць яшчэ адну расейскую вакцыну — распрацоўку Цэнтру імя Чумакова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG