У Эўразьвязе ўважліва сочаць за сытуацыяй у Беларусі і нагадваюць уладам краіны, што права людзей на страйк павінна паважацца.
БелаПАН паведаміў, што пра гэта заявіў прэсавы сакратар Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пэтэр Стана сёньня на брыфінгу ў Брусэлі.
«Мы працягваем сачыць за сытуацыяй у Беларусі, — сказаў ён. — Як мы неаднаразова заяўлялі, мы занепакоеныя ўжываньнем гвалту супраць мірных дэманстрантаў і ў цэлым дзеяньнямі беларускіх уладаў, якія да гэтага часу не ідуць на інклюзіўны дыялёг для вырашэньня крызісу ў краіне».
Камэнтуючы заклік да ўсеагульнага страйку ў Беларусі, Стана адзначыў: «Мы хочам нагадаць усім, што права на страйк зьяўляецца фундамэнтальным правам, якое павінна паважацца».
Адказваючы на пытаньне пра другі пакет санкцый, куды плянуецца ўключыць і Аляксандра Лукашэнку, Стана адзначыў, што праца над ім працягваецца. «Рада ЭЗ абмяркоўвае другі пакет гэтых санкцый, — сказаў прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Зьвязу. — Як толькі будзе ўзгоднены канчатковы сьпіс, санкцыі будуць зацьверджаныя і пра іх будзе абвешчана».