У менскім Палацы спорту літаральна не было месца. Свой 45-гадовы юбілей расейскі гурт «Машына часу» адзначыў канцэртам. Менская публіка вітала апальнага Макарэвіча воплескамі.
Нягледзячы на высокі кошт (да 1,4 млн руб), усе квіткі былі распрададзеныя. У пазначаны на афішах час яшчэ каля тысячы чалавек стаялі ў чарзе да ўваходу. Кожнага правяралі мэталашукальнікамі, праглядалі асабістыя рэчы. Такія захады бясьпекі зьвязаныя з апошнімі падзеямі ў Расеі, калі Макарэвіча пачалі цкаваць прыхільнікі Пуціна за актыўную праўкраінскую пазыцыю, а на адным з канцэртаў нават распылілі пярцовы газ.
Сёньня, у доўгай чарзе, якую складалі пераважна тыя, каму за 40, таксама гучалі размову пра палітыку. Адзін сабе абураўся, чаму «Машына часу» так рэдка выступае, на што суразмоўца зьдзекліва жартавала: «Пуцін, мабыць, не дае». Былі і размовы пра Ўкраіну: два сталыя мужчыны ў капелюшах абмяркоўвалі штурм Данецкага аэрапорту, які ўжо досыць працяглы час абараняе ўкраінская армія ад прарасейскіх сэпаратыстаў.
Макарэвіч з гуртом павітаў публіку, сказаў, што Менск — адзін з самых любімых гарадоў. Увогуле, гаварыў рэдка, больш сьпяваў. Пачаў зь песень апошніх гадоў, гіты пакінуў на канец канцэрту.
Вось Макарэвіч засьпяваў: «Скрыня [тэлевізія — рэд.] вас палохае кожны дзень», і дадаў ад сябе: «А ў нас-то як палохае!..».
Накалькітысячная аўдыторыя выбухнула аплядысмэнтамі і здавальняючым сьвістам, а Макарэвіч працягнуў:
«А я стаміўся баяцца. Страху больш няма...».
Музыкі выканалі песьню «Крысы». Сьпеў зьявіўся яшчэ ў 2012 годзе, але асабліва шырока разышоўся па сацыяльных сетках з пачаткам расейска-ўкраінскага канфлікту. Многія слухачы зразумелі песьню Андрэя Макарэвіча як зварот да Пуціна:
Першасьвятар і галоўны судзьдзя
Узялі мяне ў абарот,
Адзін крычаў „ты ня любіш краіну“
Другі „Ты ня любіш народ.
Карыстальнікі інтэрнэту ўжо празвалі яе "песьняй пра Пуціна", зрэшты, сам Макарэвіч не адмаўляе і не пацьярджае, кажа, што кожны ў гэтым сьпеве бачыць сваё.
Публіка актыўна рэагавала на песьні, запісаныя «Машынай часу» яшчэ ў савецкія часы, некаторыя ў партэры спрабавалі ўставаць зь месцаў і танчыць, але ахоўнікі ў чорных касьцюмах падбягалі і садзілі асабліва «гарэзьлівых» на месца.
Падчас сьпеваў на біс, у залі загарэліся сотні ліхтарыкаў мабільных тэлефонаў.
Як і напярэдадні ў Віцебску, з кветкамі да Макарэвіча нікога не падпускалі, перадавалі праз ахоўнікаў. Зноў жа — у мэтах бясьпекі.
***
Андрэй Макарэвіч заняў прынцыповую пазыцыю ў дачыненьні да цяперашняй расейскай улады і жорстка крытыкуе яе дзеяньні ва Ўкраіне. Адну з апошніх сваіх песень музыка назваў «Моя страна сошла с ума». 12 жніўня на запрашэньне Фонду валянтэраў Украіны расейскі музыка наведаў рэгіёны Данбасу, вызваленыя ад сэпаратыстаў і выступіў з канцэртам перад украінскімі ўцекачамі.
Пазыцыя Макарэвіча стала падставай для нападак расейскай прапаганды і правакацый супраць музыкі. Пры канцы верасьня актывісты партыі «Другая Россия» паспрабавалі сарваць канцэрт Макарэвіча ў Маскве, распыліўшы ў памяшканьні сьлезацечны газ. У прэсе зьяўляліся паведамленьні пра тое, што апошнім часам у музыкі ўзьнікаюць праблемы з арганізацыяй канцэртаў у Расеі.