Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Арышт — не апраўданьне». Генэральны пракурор прыгразіў студэнтам адлічэньнямі за пропуск заняткаў 


Пікет студэнтаў у Менску
Пікет студэнтаў у Менску

«Сёньня выклікі перарасьлі ў пагрозы, якія патрабуюць кансалідацыі грамадзтва і адэкватнага рэагаваньня дзяржаўных органаў», —​ цытуе БелаПАН генэральнага пракурора Андрэя Шведа на сустрэчы з калектывам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Службовец сказаў пра «няўхільнасьць адказнасьці за супрацьпраўныя дзеяньні». Паводле яго, дзяржава мае дастаткова рэсурсаў для выяўленьня парушальнікаў закону. Ён запатрабаваў ад студэнтаў «удумліва» ставіцца да ўдзелу ў акцыях і выбіраць варыянты выказваньня сваёй грамадзянскай пазыцыі, якія не прывядуць да правапарушэньняў.

«Прычынай для адлічэньня можа стаць пэўная колькасьць пропускаў заняткаў зь непаважлівых прычынаў, — нагадаў пракурор. — Адміністрацыйны арышт, які студэнт адбывае паводле рашэньня суду, ня ёсьць паважлівай прычынай. Магу толькі параіць узважваць свае ўчынкі і цьвяроза ацэньваць іх магчымыя наступствы».

Андрэй Швед адзначыў, што ва ўстановах адукацыі не дапускаецца стварэньне і дзейнасьць палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, якія маюць палітычныя мэты.

Ён рэкамэндаваў вывучыць замежнае заканадаўства ў адпаведных сфэрах і асабіста пераканацца ў тым, што аналягічныя нормы права Беларусі шмат у чым больш лібэральныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG