Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я спачатку слухаю сваё сумленьне». Выкладчык унівэрсытэту культуры расказаў пра звальненьне за ўдзел у пратэстах


На плошчы Незалежнасьці ў Менску. 23 жніўня 2020 году.
На плошчы Незалежнасьці ў Менску. 23 жніўня 2020 году.

Выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтва Дзьмітры Матуйза расказаў, што яму не працягнулі кантракт з прычыны ягонай грамадзянскай пазыцыі. Пра гэта ён паведаміў у запісаным відэазвароце.

З ВНУ выкладчык сыходзіць ня хоча і просіць сваіх студэнтаў падпісаць пэтыцыю ў яго падтрымку.

Журналіст «Настоящего времени» Цімур Алеўскі пагутарыў зь Дзьмітрыем Матуйзам пра тое, як адбывалася ягонае звальненьне, пра пратэставую дзейнасьць і настроі студэнтаў.

— Ці паводле закону з вамі не працягваюць кантракт? Чаму яго не працягваюць, з пункту гледжаньня здаровага сэнсу?

— Я ня думаю, што да здаровага сэнсу тут можна апэляваць і наогул варта. З пункту гледжаньня мінімальнага працоўнага заканадаўства наша цудоўная кантрактная сыстэма кажа, што наймальнік можа не падоўжыць кантракт без тлумачэньня прычын.

— То бок гэта той самы выпадак, калі ў наймальніка ёсьць рычагі ўзьдзеяньня на падначаленых выкладчыкаў?

— Безумоўна.

— У вас ёсьць нейкія спагнаньні?

— Не.

— Якія настроі цяпер у асяродзьдзі выкладчыкаў і студэнтаў? Яны трымаюцца тых жа поглядаў, што і вы, ці многія думаюць наадварот?

— Я не магу гаварыць за ўсё асяродзьдзе, я магу казаць толькі за частку свайго ўнівэрсытэту — тое, што магу бачыць на свае вочы і чуць на свае вушы. Але мне здаецца, што большасьць людзей, у тым ліку і выкладчыкі, сапраўды думаюць гэтаксама, як і я. Проста паміж думкай і пазыцыяй, як аказваецца, прорва. Думаць — адно, а выказацца — зусім іншае.

— А хто, дарэчы, больш імкнецца не выказваць пазыцыю: выкладчыкі — ім ёсьць што губляць — ці студэнты?

— Вядома, выкладчыкі. Моладзь, яна заўсёды больш актыўная. Выкладчыкі — дарослыя людзі, увогуле, як звычайна.

— Вы бачылі сёньня зварот Сьвятланы Ціханоўскай да выкладчыкаў? Што вы думаеце, адгукнецца ён у іх сэрцах? Дарэчы, ці мае яна рацыю?

— Калі шчыра, я ня бачыў гэтага звароту. Я даведаўся пра гэты зварот ўжо пасьля таго, як запісаў свае звароты. Мой зварот ніяк не матываваны, ня зьвязаны з тым, што зрабіла Ціханоўская.

— Яна кажа выкладчыкам, што трэба мужнасьць для таго, каб не пускаць унутр АМАП, і абяцае падтрымку, у тым ліку фінансавую. Ці можа гэта камусьці здацца дастатковымі аргумэнтамі для таго, каб [перайсьці] з думкі на пазыцыю?

— Гэта такая сьлізкая сьцежка, якую вельмі лёгка можна выкарыстоўваць, каб дыскрэдытаваць, у тым ліку мяне. Сказаць: «Яму лёгка разважаць пра пазыцыю, калі ён ведае, што яму заплацяць, калі яго звольняць». Таму я б не хацеў рабіць на гэтым акцэнт. Я спачатку слухаю сваё сумленьне, а потым ужо думаю, што рабіць, калі я за яго пацярплю.

— Такіх, як вы, хто ня згодны з тым, што цяпер адбываецца ў краіне, даволі шмат, выкладчыкаў у тым ліку. Магчыма, у Беларусі можа зьявіцца нейкі незалежны, не прызнаны дзяржавай, без афіцыйных дыплёмаў унівэрсытэт? Да вас як да людзей, якім давярае грамадзтва, прыйдуць студэнты вучыцца, і далей з гэтага вырасьце нейкая інстытуцыя. Ці вы ня верыце ў тое, што такое можа адбыцца?

— Пры існуючых умовах я мала веру ў тое, што гэта можа адбыцца. Быў пэрыяд, калі ў Беларусі дастаткова шмат было прыватных ВНУ, але ў выніку пэўных падзей яны зьніклі, некаторыя апынуліся за мяжой. Каб зрабіць тое, пра што вы сказалі, трэба спачатку вырашыць больш сур’ёзныя праблемы, пра якія, уласна, мы і гаворым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG