Мікіта Ігнацюк пасьля адміністрацыйнага арышту на 15 дзён зноў затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна як падазраваны паводле арт. 342 ч. 1 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак».
Як перадае інфармацыйны рэсурс «Першы рэгіён», Мікіта Ігнацюк асуджаны на чарговыя 15 дзён арышту і праходзіць падазраваным у крымінальнай справе. Санкцыя прадугледжвае штраф, або арышт, або абмежаваньне волі на тэрмін да 3 гадоў, або пазбаўленьне волі на той жа тэрмін.
Ідзецца пра акцыю пратэсту 4 кастрычніка ў Менску, калі пратэстоўцы раскамплектавалі вадамёт, а фота маладога чалавека з гідрантам зьявілася ў сацыяльных сетках.
Паводле Аляксандра Ігнацюка, Мікітавага бацькі, 20 кастрычніка быў першы допыт у прысутнасьці адваката. У справе ёсьць два тлумачэньні, узятыя супрацоўнікамі праваахоўных органаў у рамках папярэдняй праверкі. Мікіта ад пачатку віны не прызнаваў, паказаньняў не мяняў.
Галоўным доказам «супрацьпраўных дзеяньняў», з словаў абаронцы, стаў матэрыял на тэлеканале АНТ, у якім столінца абвінавацілі ў «раскамплектаваньні вадамёта». Сам Мікіта назваў сюжэт паклёпам.
Аляксандар Ігнацюк расказаў, што «дастаўка» сына ў аддзел была жорсткай, а за першыя 15 дзён да яго ні разу не пусьцілі адваката. І зьвярнуўся па дапамогу.
«Для кваліфікаванай абароны Мікіты спатрэбіцца мінімум 2 500 рублёў. Цяпер я шукаю магчымасьць тэрмінова прадаць дом або атрымаць грошы пад заклад нерухомасьці», — адзначыў мужчына.
4 кастрычніка на маршы ў Менску пратэстоўцаў разганялі вадамётам. Удзельнікі акцыі падчас руху раскамплектавалі адну з машын, у выніку палітымі аказаліся самі сілавікі. У той жа дзень Мікіта Ігнацюк сфатаграфаваўся з выкінутай дэтальлю.
Пракурор Менску Алег Лаўрухін заявіў, што распачата крымінальная справа паводле артыкула 364 КК («гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў»). Анак цяпер цяпер Мікіта праходзіць падазраваным ужо паводле іншага артыкула.