Суд Савецкага раёну 23 кастрычніка пакараў 43-гадовага жыхара Гомля Станіслава Мачалава арыштам на 15 сутак за фота зь бел-чырвона-белым сьцягам ля раённай адміністрацыі.
Увечары 21 кастрычніка ў гомельскіх тэлеграм-чатах зьявіўся здымак людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі каля адміністрацыі Савецкага раёну Гомля. Пасьля публікацыі фота, як сьведчаць жыхары раёну, пачалася аблава АМАП.
«Некалькі чалавек затрымалі каля кінатэатру „Кастрычнік“. Яшчэ аднаго спынілі каля 23.00 каля гандлёвага дому „Рэчыцкі“ (абодва аб’екты — за некалькі прыпынкаў грамадзкага транспарту ад раённай адміністрацыі. — РС). Ён ішоў з прыяцелем. Прыяцель уцёк, а мужчыну абшукалі і знайшлі ў заплечніку сьцяг. Яго забралі ў міліцыю і там пабілі», — паведаміла Свабодзе жыхарка мікрараёну Фэстывальны.
Ігар, брат затрыманага Станіслава Мачалава, расказаў, што трывогу паднялі бацькі, калі сын не вярнуўся дахаты. Брат знайшоў Станіслава ў Савецкім РАУС Гомля.
«Мы зь сябрамі стаялі пад РАУСам і каля трэцяй гадзіны ночы ўбачылі, як Станіслава выводзяць — яго везьлі на ІЧУ. Мы ўбачылі, што ў яго пабіты твар, вока заплыла, што ён кульгае і ледзьве рухаецца. Відаць, яго моцна пабілі», — кажа Ігар.
«Ня ведаў, што фатаграфаваньне — гэта несанкцыянаванае мерапрыемства»
Блізкіх і сваякоў на суд не пусьцілі, бо нібыта каранавірус. Але і судзьдзя, і сакратарка былі бяз масак.
Міліцыя склала два пратаколы. Паводле іх, Мачалаў удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу каля адміністрацыі Савецкага раёну, а таксама «хапаўся за форму супрацоўнікаў», то бок зьдзейсьніў непадпарадкаваньне.
«Уцякаў — прызнаю, за форму не хапаўся. Я ўпаў, і калі мяне затрымлівалі, то заламалі рукі за сьпіну — у мяне боль быў ва ўсім целе», — патлумачыў Станіслаў.
Паводле абвінавачанага, яму прапанавалі сфатаграфавацца на фоне адміністрацыі, і ён «ня ведаў, што фатаграфаваньне — гэта несанкцыянаванае мерапрыемства».
«Я ўцякаў (ад АМАПу. — РС), бо ўспрымаю міліцыю як небясьпеку. Аднойчы ў бязьлюдным месцы мяне аштрафавалі за адсутнасьць флікера», — расказаў на судзе затрыманы.
У судзе зачытвалі рапарт супрацоўнікаў АМАП, якія тлумачылі, што шукалі ноччу людзей, якія могуць быць датычныя да несанкцыянаванага мітынгу, таму Станіслава ўбачылі каля гандлёвага цэнтру «Рэчыцкі» і затрымалі.
«У яго была знойдзена атрыбутыка характэрнага бел-чырвона-белага колеру», — зазначана ў рапарце АМАП.
Станіслаў у судзе тлумачыў, што «нехта нас фатаграфаваў каля адміністрацыі, я думаў, што пазьней мне перададуць здымак».
«Я тых людзей ня ведаю, якія прапанавалі сфатаграфавацца, але яны часам зьбіраюцца на Вечным агні. Я думаў, што ўсё-ткі ёсьць людзі, неабыякавыя да сытуацыі ў нашай краіне», — казаў на судзе жыхар Гомля.