21 кастрычніка судзьдзя Менскага гарадзкога суду Дзіяна Кучук скасавала пастанову суду Маскоўскага раёну Менску наконт актывісткі Галіны Лагацкай і адправіла яе справу на разгляд іншага судзьдзі.
Раней судзьдзя Вольга Малашэнка прысудзіла актывістцы 7 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у пікеце 14 верасьня каля Чырвонага касьцёлу.
Жанчына на судзе не прызнала віны, а а выйшаўшы з турмы, аспрэчыла пастанову ў Менскім гарадзкім судзе. Сёньня на разглядзе скаргі Галіна Лагацкая даводзіла, што яе судзілі з шматлікімі парушэньнямі.
«14 верасьня каля Чырвонага касьцёлу праходзіў пікет пратэстоўцаў, а я там зьбірала подпісы пад лістом у Белтэлерадыёкампанію. Зьявіліся міліцыянты, затрымалі некалькі дзяўчат, я ж спрабавала давесьці, што яны не парушалі закону. І мяне таксама прыхапілі. Але судзілі потым нават без апытаньня сьведкаў, усе факты былі перакручаныя. Ёсьць відэа, якое пацьвярджае мае словы, таму, спадзяюся, і на новым працэсе дамагуся праўды», — сказала пасьля працэсу ў гарадзкім судзе Галіна Лагацкая.
20 кастрычніка Галіна Лагацкая выйшла з цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна, адбыўшы іншае пакараньне — 15 содняў за ўдзел у першым «Маршы пэнсіянэраў». «Буду абскарджваць і тую пастанову», — сказала актывістка.