Францускі «Ваксігрып» павінен зьявіцца ў Беларусі ў другой палове лістапада. А вось галяндзкага «Інфлюваку» сёлета больш ня будзе.
У Беларусі цяпер няма заходніх вакцынаў супраць грыпу ні ў камэрцыйных мэдычных цэнтрах, ні ў паліклініках. Можна прышчапіцца толькі расейскай вакцынай «Гриппол плюс».
Але ў прадстаўніцтве францускай кампаніі Sanofi Pasteur Свабоду запэўнілі: толькі што прынята рашэньне паставіць у Беларусь дадатковую партыю францускага «Ваксігрыпу».
Заходніх вакцынаў няма, толькі расейскія — за 6 рублёў 20 капеек
Сёлета ў Беларусі можна было прышчапіцца трыма відамі вакцынаў: «Ваксігрып» францускай кампаніі Sanofi Pasteur, «Інфлювак» нідэрляндзкай кампаніі Abbott і «Гриппол плюс» расейскай кампаніі «Петровакс».
Для вакцынацыі за кошт нацыянальнага і мясцовых бюджэтаў «Белфармацыя» закупіла вакцыну «Гриппол плюс». Яна трохвалентная — абараняе ад двух відаў вірусаў грыпу А (A/H1N1+A/H3N2) і аднаго — вірусу В (Victoria).
Пэнсіянэраў, дзяцей, цяжарных жанчын, людзей з хранічнымі хваробамі прышчапляюць бясплатна. Для астатніх расейская прышчэпка каштуе ў паліклініцы 6 рублёў 20 капеек.
У 2020 годзе міністэрства здароўя плянуе прышчапіць ня менш за 40% насельніцтва і ня менш як 75% — з групаў рызыкі.
Імпартныя вакцыны былі ў паліклініках яшчэ на пачатку кастрычніка, каштавалі 18 рублёў, але вельмі хутка скончыліся.
«Галяндзкай вакцыны больш ня будзе»
У аддзеле лекавага забесьпячэньня РУП «Белфармацыя» паведамілі, што больш ніякіх дадатковых паставак процігрыпозных імпартных вакцын у Беларусь сёлета ня будзе.
«Ні нідэрляндзкага „Інфлюваку“, ні расейскага „Грыполу“. А іншых вакцынаў „Белфармацыя“ не закупляла. Паўсюль у паліклініках ёсьць расейскі „Грыпол“, яго закупілі дастаткова. Мы рабілі дадатковы запыт на пастаўку нідэрляндзкай вакцыны „Інфлювак“ на завод-вытворцу, але нам адмовілі. Сёлета павышаны ажыятаж», — сказала супрацоўніца «Белфармацыі».
У мэдычных цэнтрах кажуць, што да іх запісацца на вакцынацыю ўжо нельга
У камэрцыйным мэдычным цэнтры «ЛОДЭ» Свабодзе паведамілі, што сёлета вакцынацыя наагул больш праводзіцца ня будзе.
«Скончылася вакцынацыя. Запіс на прышчэпкі сфармаваны да канца лістапада. Тым, хто запісаўся яшчэ ў верасьні, прышчэпкі робяць рэшткамі вакцыны, працэдурны кабінэт працуе. Але запісацца нельга», — адказала супрацоўніца кол-цэнтру.
У цэнтры «Нардзін» таксама паведамілі, што вакцынащ няма і больш паставак у цэнтар ня будзе.
«Была француская вакцына „Ваксігрып“, яна скончылася. У паліклініках ёсьць расейскія вакцыны, тэлефануйце туды. У пастаўника, у якога мы закупляем, вакцыны няма. І ня будзе, бо межы закрытыя. Тэлефануйце ў міністэрства».
Попыт на вакцыны ад грыпу сёлета падвышаны
Францускую вакцыну «Ваксігрып» закупляла фармацэўтычная кампанія «Мэдвакс».
Прадстаўнік аддзелу продажаў «Мэдваксу» паведаміў, што ўсе заяўкі, якія мэдычныя цэнтры і паліклінікі зрабілі перад сэзонам прышчэпак, выкананыя. Цяпер рыхтуюць дадатковую заяўку ў кампанію Sanofi Pasteur.
«Вельмі дзіўна, што камэрцыйныя мэдычныя цэнтры кажуць, што вакцынацыя скончылася. Проста ніхто не прагназаваў такога павышанага попыту. Гэта такі ўсясьветны ўздым сёлета. Хутчэй за ўсё, яшчэ і COVID-19 паўплываў. Плянуецца дадатковая пастаўка — у апошні тыдзень лістапада. Усё залежыць ад канкрэтнай колькасьці заявак ад тых жа „ЛОДЭ“, „Нардзіну“, паліклінік», — кажа прадстаўнік «Мэдваксу», дыстрыбутара францускай вакцыны ў Беларусі.
Ён патлумачыў, што неабходна набраць пэўную колькасьць заявак, бо кампанія можа адмовіцца пастаўляць зусім малую партыю, ёй гэта нявыгадна.
«Проста вакцына — гэта не пігулка, яна патрабуе вельмі дакладнага захаваньня тэмпэратурнага рэжыму. Усё залежыць ад таго, колькі будзе заявак. Калі менш за 10 тысяч — кампанія адмовіцца пастаўляць».
Француская вакцына будзе ў лістападзе
Свабода зьвязалася і з прадстаўніцтвам у Беларусі АТ Sanofi-Aventis Groupe.
Супрацоўніца кампаніі запэўніла Свабоду, што літаральна сёньня прынята рашэньне дадаткова паставіць францускую чатырохвалентную вакцыну «Ваксігрып тэтра» ў Беларусь — у другой палове лістапада.
«Задача няпростая менавіта ў пастаўцы вакцыны. Бо вельмі важна вытрымаць так званы «холадавы ланцуг» — ад моманту вытворчасьці да дастаўкі. Неабходныя адмысловыя кантэйнэры з тэрмачуйнікамі, гэта крыху ўскладняе задачу, бо звычайна лягістыка, дастаўка плянуюцца загадзя. Але рашэньне прынята — дадатковая партыя вакцыны «Ваксігрып тэтра» будзе дастаўлена ў Беларусь у другой палове лістапада",— запэўніла прадстаўніца Sanofi-Aventis Groupe.