Больш за 13 тысяч беларусаў выехалі ва Ўкраіну, Польшчу, Літву і Латвію, паведаміў кіраўнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.
Паводле яго, ва Ўкраіну зь верасьня зьехалі каля 3 тысяч чалавек. «Мы зрабілі разьбіўку па ўсіх катэгорыях грамадзян, улічылі, колькі непаўналетніх, пэнсіянэраў, непрацоўных. На тэрыторыю Польшчы быў самы вялікі ўезд — каля 10 тысяч чалавек. Латвія і Літва — значна менш. Вобразна кажучы, ня больш за 500 чалавек выехалі ў гэтыя дзьве краіны», — цытуе яго БелТА.
Аляксей Бягун адзначыў, што ведамства адсочвае сытуацыю з улікам прэферэнцыяў для беларусаў ад некаторых дзяржаваў. На ягоную думку, «сытуацыя не крытычная і не наносіць сур’ёзнай шкоды нацыянальнай бясьпецы», улады «не адчуваюць значнай страты працоўных нацыянальных рэсурсаў».
Прадстаўнік МУС таксама ня лічыць, што падзеі ў Беларусі справакавалі выезд беларускіх грамадзян, бо гэта «ў сваёй большасьці працоўная міграцыя».
«Можа, пэўныя асобы, якія ставілі сваёй мэтай ужо досыць даўно пераехаць на сталае месца жыхарства ў іншыя краіны, выкарыстоўвалі гэты ўнутрыпалітычны крызіс, каб зьвярнуцца з хадайніцтвам у кампэтэнтныя органы Літвы ці Польшчы аб атрыманьні статусу ўцекача, і вельмі часта стваралі так званую інфармацыйную карцінку, каб пацьвердзіць, што зьяўляюцца ахвярамі за свае палітычныя погляды», — сказаў Бягун.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 4 кастрычніка падпісаў указ аб прыцягненьні спэцыялістаў зь Беларусі ў краіну. Згодна з дакумэнтам, прадпрымальнікам і спэцыялістам падаўжаюць тэрмін часовага знаходжаньня, спрашчаюць атрыманьне віду на жыхарства, аптымізуюць тэрмін атрыманьня дазволаў на працаўладкаваньне для IT-адмыслоўцаў. Амбасадара Ўкраіны ў Менску Ігара Кізіма праз гэты ўказ ужо выклікалі ў МЗС Беларусі і ўручылі ноту.
Латвійскае агенцтва інвэстыцыяў і разьвіцьця яшчэ ў канцы жніўня стварыла каманду, якая разглядае заяўкі ад беларускіх кампаніяў і прапануе варыянты пераезду.
Польшча і Літва таксама прынялі захады для падтрымкі беларусаў. Плян Літвы прадугледжвае дапамогу ахвярам рэпрэсіяў, навучаньне беларусаў у літоўскіх унівэрсытэтах, спрашчэньне атрыманьня візаў і інтэграцыі на рынку працы Літвы.
У дасьледаваньні парталу TUT.BY адзначаецца, што паводле статыстыкі МУС летась зь Беларусі зьехаў 9061 чалавек, пры гэтым амаль палова, больш за 4 тысячы, у Расею, прыкладна паўтары тысячы — у Польшчу, 1200 — у Літву.
Аднак статыстыка розных беларускіх ведамстваў адрозьніваецца. Паводле Белстату, летась за мяжу зьехалі прынамсі 20 тысячаў грамадзянаў Беларусі. МУС тлумачыць, што ўлічвае толькі працоўных мігрантаў, якія маюць легальныя працоўныя кантракты.
Літва дазволіла з гуманітарных прычынаў прыехаць у краіну 507 грамадзянам Беларусі, зь іх 139 беларусаў ужо ў Літве, а 34 папрасілі прытулку, паведамляе Delfi.