Дзьве калёны пэнсіянэраў на праспэкце Незалежнасьці ў Менску
Пэнсіянэры сабраліся і ў Горадні
Каля 20 чалавек сабраліся ў парку Жылібэра ў Горадні. Там напярэдадні ў тэлеграм-каналах анансавалі збор на Марш пэнсіянэраў. Некаторыя прыйшлі з кветкамі. Іх прыйшлі падтрымаць маладзейшыя гарадзенцы. Пакуль пэнсіянэры сядзяць на лавах або шпацыруюць. У парк прыехаў міліцэйскі мікрааўтобус, ходзяць міліцыянты ў цывільным.
„Марш мудрасьці“ каля будынку КДБ
Ніна Багінская прыехала на „Марш мудрасьці“
У „Маршы пэнсіянэраў“ удзельнічаюць больш за тысячу чалавек. Яны рушаць праспэктам Незалежнасьці ў бок Кастрычніцкай плошчы.
Альтэрнатыўнае шэсьце ідзе процілеглым ходнікам
Іншым бокам праспэкту Незалежнасьці прайшла калёна зь некалькіх дзясяткаў сталых мужчын у падобнай цёмнай вопратцы, з чырвона-зялёнымі сьцягамі. Удзельнікі „Маршу пэнсіянэраў“ палічылі іх былымі сілавікамі, якія нібыта сёньня зьбіраюцца ў Менску, і сустрэлі воклічамі „Ганьба!“.
«Марш мудрасьці» выйшаў на праспэкт Незалежнасьці
Калёна „Маршу пэнсіянераў“ выйшла на праспэкт Незалежнасьці. Яна расьцягнулася прыблізна на 200 мэтраў. Валянціна выйшла з плякатам «АМАП, рукі прэч ад народу!» Ёй 74 гады, яна працягвае выходзіць на акцыі.
Каля помніка Леніну ў Менску ідзе праўладны мітынг
У ім бяруць удзел больш за тысячу чалавек. Да плошчы Незалежнасьці набліжаецца яшчэ адна калёна пад чырвона-зялёнымі сьцягамі. У ёй каля сотні чалавек.
Пачаўся «Марш мудрасьці» з удзелам пэнсіянэраў — прыхільнікаў пераменаў
Каля Чырвонага касьцёлу некалькі соцень чалавек сабраліся на „Марш пэнсіянэраў“. Гукаюць: «Караева пад суд», «Лукашэнку ў аўтазак», трымаюць плякаты «Сумленныя выбары».
Адна з удзельніц — пэнсіянэрка Ніна. Яна мэдык. Кажа, што прыйшла, бо хоча сумленных выбараў і супраць гвалту. Удзельнікі сустрэлі воклічамі «Ганьба!» рэпартэраў дзяржаўных СМІ.