У Менску пачалі перакрываць вуліцы
ДАІ перагарадзіла вуліцу Леніна у раёне КЗ «Менск». У райне вуліц Сьвярдлова, Ульянаўскай, Леніна людзі сьцякаюцца ў бок Партызанскага праспэкту.
Перакрылі таксама рух па вуліцы Аранскай у бок Партызанскага праспэкту, піша Tut.by.
Першыя затрыманьні пратэстоўцаў
У Менску, пішуць «Наша ніва» і #МотолькоПомоги, затрымалі маладых людзей ля мэтро «Партызанская». У Сьветлагорску затрымалі 8 чалавек, перадае чытач Tut.by.
Таксама зьявіліся кадры затрыманьняў на вуліцы Аранскай.
Вядома, што ў Менску ля стадыёна «Дынама» затрымалі журналіста «Белорусы и рынок» Арцёма Маёрава, у Сьветлагорску затрымалі праваабаронцу «Вясны» Алену Масьлюкову.
Менск. Першая калёна ўтварылася на пачатку Партызанскага праспэкту
На скрыжаванні Партызанскага праспэкту і вуліцы Леніна ўжо ўтварылася калёна з сотняў людзей з нацыянальнымі сьцягамі. Адусюль на праспэкт выходзяць дзясяткі і дзясяткі чалавек. Карэспандэнты «Нашай Нівы» ацэньваюць агульную колькасьць пратэстоўцаў цяпер у тысячу чалавек.
У Горадні жанчыны гуляюць з кветкамі
У Горадні жанчыны з кветкамі гуляюць па Савецкай вуліцы. Савецкая плошча агароджаная і пустая. У папярэднія выходныя збор пратэстоўцаў прызначалі на плошчы, дзе ішоў кірмаш.
Дзясяткі гарадзенцаў без сымболікі накіраваліся па Савецкай вуліцы ў бок парку Жылібэра.
У Менску адключылі мабільны інтэрнэт
Апэратар МТС пацьвердзіў, што абмежаваў доступ у інтэрнэт на патрабаваньне дзяржаўных органаў.
У Менску абмежавалі рух мэтро
Закрылі станцыі мэтро «Кастрычніцкая», «Купалаўская», «Плошча Леніна», «Няміга», «Першамайская» і «Пралетарская».
«Першамайскую» і «Пралетарскую» закрылі ўпершыню за ўвесь час сёлетніх пратэстаў. Раней ў сацсетках зьявіліся заклікі правесьці марш ад цэнтру да Заводзкага раёну па Партызанскім праспэкце.
У цэнтар гораду ад «Менск-арэны» едзе калёна пад чырвона-зялёнымі сьцягамі
У Наваградку раніцай курган Міцкевіча стаў бел-чырвона-белым
22 паверхі даўжынёй. У Менску вывесілі гіганцкі бел-чырвона-белы сьцяг
У менскім мікрараёне Каскад вывесілі агромністы бел-чырвона-белы сьцяг. Ён недзе з 22 паверхі даўжынёй.
У дваровым тэлеграм-канале пішуць, што гэта была спроба ўсталяваць рэкорд на самы вялікі сьцяг у сьвеце.
Паводле каналу, сьцяг 71 мэтраў у даўжыню і 36 у шырыню, ягоная плошча — 2556 м².
Праз гіганцкія памеры сьцяг заблытаўся падчас вывешваньня.
Неўзабаве прыехала група людзей у чорным, каб гэты сьцяг зьняць. Але жыхары зьнялі яго самі.