Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб’ём фінансавай падтрымкі дзяржпрадпрыемстваў засакрэцілі 


У другім паўгодзьдзі 2020-га ўлады ўжо выдаткавалі звыш 2 млрд рублёў на падтрымку дзяржаўных прадпрыемстваў. Дакладную суму падлічыць складана — шэраг дакумэнтаў маюць грыф «Для службовага карыстаньня».

Сёлета летам зьявілася некалькі пастановаў Савету міністраў з пазнакай сакрэтнасьці (ДСП), піша Tut.by са спасылкай на тэлеграм-канал «Эканомiка». У іх прапісваўся мэханізм крэдытаваньня прадпрыемстваў пад гарантыі ўраду на суму да 1,35 млрд рублёў. Рэсурсы прызначаліся для налічэньня заробку і вытворчай дзейнасьці ў адпаведнасьці з экспартнымі кантрактамі. У жніўні ўлады павялічылі максымальны аб’ём эмісіі аблігацый Банку разьвіцьця да 765 мільёнаў рублёў. Гэта стала адным з каналаў падтрымкі машынабудаўнікоў.

8 верасьня выйшаў указ № 339-ДСП, якім «Беларусбанк», «Белаграпрамбанк» і «Белінвэстбанк» абавязалі выдаць дзяржпрадпрыемствам крэдыты на суму 1,75 млрд рублёў. Пазыкі на 1,2 млрд — пад гарантыі ўраду, 550 млн — пад гарантыі мясцовых выканкамаў. Працэнтная стаўка — 8,75% гадавых, хоць атрымальнікі будуць плаціць толькі 2,75%, астатнія працэнты кампэнсуюцца бюджэтам.

Напярэдадні выбараў Аляксандар Лукашэнка даручыў ураду і Нацыянальнаму банку падтрымаць рэальны сэктар эканомікі ва ўмовах пандэміі. Ён адзначыў, што мэта пры гэтым адна — уратаваць краіну, захаваць працоўныя месцы, ня страціўшы даходы.

Як адзначыў суразмоўца парталу з эканамічнай сфэры, грошы атрымалі і тыя, каго пандэмія закранула ў меншай ступені.

«Чыгунка, „Белавія“ — зразумела, зносіны паміж краінамі практычна спыніліся, зарабіць не ўдалося. Але машынабудаўнічыя прадпрыемствы працавалі. Аказалася, і ў іх ня ўсё добра. Тэхніку прадаць складана, а працаваць на склад увесь час ня будзеш. Яны і да таго былі ў ня вельмі добрым фінансавым становішчы. Таму выкарыстоўваліся розныя меры падтрымкі, у тым ліку і неэмісійныя».

У Савеце міністраў і Міністэрстве фінансаў адмовіліся камэнтаваць дакумэнты «для службовага карыстаньня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG