Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Можам стаць заможнымі за адно пакаленьне». Беларус адмовіўся ад кар’еры ў амэрыканскай карпарацыі, каб стаць дарадцам Ціханоўскай


Алесь Аляхновіч
Алесь Аляхновіч

Алесь Аляхновіч — дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях эканомікі. Ён вучань аўтара польскіх рэформаў Лешэка Бальцэровіча, вучыўся ў Лёнданскай школе эканомікі, працаваў у адной з найбуйнейшых кансалтынагавых кампаніяў сьвету Ernst&Young.

Цяпер віцэ-прэзыдэнт дасьледчага цэнтру CASE-Belarus стварае каманду эканамічных адмыслоўцаў вакол Сьвятланы Ціханоўскай. У інтэрвію Свабодзе ён расказаў пра тры свае галоўныя задачы, пра неабходныя рэформы і пра тое, ці страцяць працу рабочыя дзяржаўных прадпрыемстваў пасьля эканамічных пераўтварэньняў.

«У мяне ёсьць тры задачы»

— Алесь, як так сталася, што замест вельмі пасьпяховай кар’еры ў адной з найбуйнейшых кансалтынгавых кампаніяў сьвету ты стаў дарадцам Сьвятланы Ціханоўскай і далучыўся да палітыкі?

— Я атрымаў прапанову ад штабу Сьвятланы Ціханоўскай і асабіста ад яе, каб стаць яе эканамічным дарадцам у эканамічных пытаньнях і эканамічных рэформах. Вялікія міжнародныя карпарацыі маюць этычны кодэкс. Паводле яго немагчыма выконваць дзьве функцыі адначасова: і працаваць у бізнэсе, і займацца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю. Гэтая пазыцыя прымальная для мяне і карысная, бо цяпер я магу прысьвяціць 100% часу працы над беларускай будучыняй і беларускай эканомікай. Для мяне быў вялікі гонар атрымаць такое запрашэньне да супрацы, да працы на карысьць Беларусі. Гэта для мяне была галоўная прычына.

Нумарам адзін для нас надалей застаецца палітычны парадак дня, то бок правядзеньне новых, свабодных і справядлівых выбараў, спыненьне рэпрэсіяў, вызваленьне палітвязьняў, пакараньне злачынцаў. Эканоміка ў гэтым моманце другасная, але важная. У пераходны пэрыяд будзе важна разумець, дзе мы знаходзімся эканамічна, што рабіць, каб стабілізаваць беларускую эканоміку, і што рабіць пасьля новых выбараў.

— Сьвятлана Ціханоўская сказала, што ніякага «ценевага ўраду» няма і што гэта проста дарадцы. Навошта дарадцы чалавеку, які хоча прыйсьці да ўлады, каб проста правесьці новыя выбары? На чым тады палягае твая праца?

— Наконт гэтага ў нас яшчэ будзе прэсавая канфэрэнцыя з прадстаўнікамі штабу Сьвятланы Ціханоўскай і з прэзыдыюмам Каардынацыйнай рады, бо мы працуем у адной камандзе. Таму я ня буду забягаць наперад і апавядаць пра ўсё. Мы ствараем каманду беларускіх эканамістаў, якія будуць працаваць над ацэнкаю бягучай сытуацыі беларускай эканомікі, над канцэпцыяй эканамічнай праграмы для Беларусі. Дзякуючы гэтаму мы зможам размаўляць зь міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі і замежнымі ўрадамі.

Першая задача — каб яны стварылі антыкрызісны фонд для Беларусі на пераходны пэрыяд. Другая — каб увялі мараторый на сплату беларускага дзяржаўнага доўгу. Па-трэцяе, мы будзем размаўляць зь міжнароднымі крэдытнымі агенцтвамі, такімі як Standart&Poors, Moody’s, Fitch: калі ім спадабаецца нашая эканамічная праграма, каб яны пацьвердзілі, што пры выкананьні такой праграмы яны гатовыя павысіць наш крэдытны рэйтынг. Паляпшэньне крэдытнага рэйтынгу, а нават яго пэрспэктывы, дазволіць зьменшыць кошты абслугоўваньня дзярждоўгу і кошты новых пазыкаў. Дзякуючы гэтаму ў беларускім бюджэце застануцца дадатковыя грошы.

Гэтыя тры рэчы дапамогуць нам падтрымаць беларускае грамадзтва ў пераходны пэрыяд. Каб людзі, якія сёньня выступаюць за перамены, не пацярпелі і надалей мелі працу, заробак, пэнсіі ды іншыя выплаты.

«Эканамічная сытуацыя пагаршаецца і без рэформаў»

— Давай пагаворым пра тваё эканамічнае бачаньне. Ты вучань Лешэка Бальцэровіча, «бацькі» польскага капіталізму, вядомага лібэральнымі поглядамі на эканоміку. Ці значыць гэта, што, прыйшоўшы ў пераходны пэрыяд да ўлады, вы пачынаеце дзікую прыватызацыю, звальненьні рабочых зь дзяржаўных прадпрыемстваў і цалкам мяняеце рынак?

— Па-першае, каманда эканамістаў, якая будзе працаваць над праграмай і кантактаваць з замежнымі суб’ектамі, — тэхнічная. У нас няма палітычных амбіцыяў, мы не зьбіраемся ісьці на выбары. Мы працуем, каб сытуацыя ў беларускім грамадзтве і эканоміцы ў пераходны пэрыяд і пасьля новых выбараў была стабільная, каб людзі разумелі, што мы маем ідэю і плян і ведаем, што рабіць. Гэта вельмі важна, гэта пазытыўны парадак дня для людзей. Бо цяпер шмат хто гатовы нешта рабіць на шкоду беларускай эканоміцы, каб хутчэй прывесьці да зьменаў у Беларусі. Мы мусім падрыхтаваць «падушку бясьпекі» для беларускай эканомікі і грамадзтва.

Што да канкрэтных рэформаў або іх лібэральнага кірунку — вельмі часта мы няправільна думаем, што рэформы абавязкова вядуць да пагаршэньня або зьбядненьня насельніцтва. Тое пагаршэньне, якое адбываецца на пачатку рэформаў, не зьвязана з самім іх правядзеньнем.

Гэта зьвязана з тым, што ў беларускай эканоміцы ўжо назапашаны вельмі вялікі дысбалянс: вялікі дзяржаўны доўг, у дзяржаўных прадпрыемстваў вялікі валютны доўг. У Беларусі людзі здымаюць цяпер свае дэпазыты з банкаў, пачынаецца ціск на банкаўскую сыстэму. Беларусы сёньня не працуюць эфэктыўна з прычыны палітычнай сытуацыі.

Калі ня будзе сапраўднага дыялёгу ў беларускім грамадзтве і сытуацыя ня зьменіцца, ужо ў канцы гэтага году і пачатку наступнага Беларусь чакае глыбокі эканамічны крызіс. Гэта не зьвязана з рэформамі. Гэта вынік браку палітычнага кансэнсусу і эканамічных рэформаў.

«Беларусь можа стаць заможнай за адно пакаленьне»

— Аляксандар Лукашэнка нядаўна казаў, што калі ягоныя апанэнты апэлююць да рэформаў, то ён прапануе прадукаваць у Беларусі свой кардон. А якія ты прапануеш рэформы для Беларусі?

— Беларусь мае абсалютна ўсе шанцы і патрэбны патэнцыял, каб на працягу аднаго пакаленьня, а можа нават менш, стаць заможнай краінай. Так сталася ў Польшчы, Чэхіі, у Славаччыне і многіх іншых краінах. Беларусы гатовыя да гэтага.

У Беларусі, напрыклад, было сацыялягічнае дасьледаваньне, якое вымярала, колькі людзей жадаюць, каб у эканоміцы было больш прыватнага сэктару. Дык вось, беларусы, сярод усіх народаў Эўропы, на другім месцы. То бок мы ўжо даўно не жывем у той эканоміцы і тых стэрэатыпах, якія былі ў 1990-я гады, калі людзі хацелі, каб дзяржава адказвала за эканоміку. Сёньня беларусы разумеюць, што без канкурэнцыі на рынку дзяржаўны сэктар ня можа быць эфэктыўным. І менавіта таму трэба праводзіць рэформы.

— Якія канкрэтна патрэбныя рэформы?

— Па-першае, гэта роўныя ўмовы вядзеньня бізнэсу незалежна ад структуры ўласнасьці і незалежна ад велічыні прадпрыемства. Не павінна быць так, што льготныя крэдыты ад дзяржаўных банкаў атрымліваюць перадусім буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы, а прыватны малы і сярэдні бізнэс, наадварот, плаціць вялікі працэнт, бо банк мусіць дзесьці «адбіць» той нізкі працэнт, які плаціць дзяржаўнае прадпрыемства.

Другая рэч — трэба дэкрыміналізаваць дробныя эканамічныя злачынствы. Ня можа быць так, што індывідуальны прадпрымальнік ідзе ў турму за дробную правіну. Праз гэта губляецца яго чалавечы патэнцыял і ягоны бізнэс.

Усе міжнародныя фінансавыя арганізацыі пастулююць, што адной зь першых перадумоваў эканамічных рэформаў у Беларусі павінна быць рэформа сацыяльнай палітыкі. Трэба палепшыць падтрымку беспрацоўных (у Беларусі яна складае ад 10 да 20 даляраў у месяц), дапамагаць тым, хто хоча перакваліфікавацца. Трэба павялічваць мабільнасьць людзей. Нават калі чалавек жыве ў вёсцы, малым гарадку, а там няма няма працы адпаведна ягонай кваліфікацыі, то дзяржава мусіць стварыць умовы, каб ён мог лёгка даехаць у іншае месца. Каб мог працаваць там, не зьяжджаючы з сваёй вёскі ці малога гораду.

«На МАЗе ў пікавы час працавалі 27 000 рабочых, цяпер каля 15 000»

— Алесь, ці азначае гэта, што людзі, якія ў першыя дні пасьля выбараў зьбіраліся страйкаваць, выходзілі супраць Лукашэнкі, за новую ўладу, у выніку рэформаў страцяць працу, бо эканоміка зьменіць сваю сутнасьць?

— Так ня мусіць быць. Па-першае, мы ўжо бачым, што пры захаваньні status quo гэтыя працоўныя і так страчваюць працу. У тым ліку і з палітычных матываў. Многія з тых, хто працуе на дзяржаўных прадпрыемствах, не задаволеныя ўмовамі працы там. Кажу ня толькі пра фінансавыя ўмовы, але пра спосаб, умовы, культуру працы.

Калі паглядзець на канкрэтныя прыклады, то можна пабачыць, што за апошнія 26 гадоў вельмі шмат дзяржаўных прадпрыемстваў збанкрутавалі альбо значна скарацілі колькасьць працаўнікоў.

Возьмем МАЗ, які быў калісьці адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў у Беларусі. У пікавы час на ім працавалі 27 тысяч чалавек. У 2010-м — ужо менш за 22 тысячы. Сёлета — каля 15 тысячаў. Ці відавочная тэндэнцыя скарачэньня? Я лічу, што так. І калі мы нічога ня будзем рабіць у беларускай эканоміцы, то тэндэнцыя працягнецца. Дзяржаўныя прадпрыемствы і надалей будуць скарачацца, а прыватны сэктар і так у беларускіх умовах будзе натуральна павялічвацца насуперак дзеяньням улады.

«Беларусь арыентуецца ўсяго на некалькі гандлёвых партнэраў»

— Сёньня Беларусь вельмі моцна залежыць ад расейскага рынку, туды ідзе вялікая доля экспарту. Калі Беларусь стане краінай з рынкавай эканомікай, як зьменіцца балянс і як пацерпіць краіна?

— Нягледзячы на афіцыйныя фармулёўкі пра тое, што Беларусь — экспартна-арыентаваная краіна, яе экспарт вельмі моцна сканцэнтраваны. І паводле таварнай структуры — калі ёсьць некалькі галін эканомікі або тавараў, такіх, як нафтапрадукты, калійныя і азотныя ўгнаеньні, сельскагаспадарчая вытворчасьць, якія складаюць вялікую частку гэтага экспарту. І, па-другое, ёсьць геаграфічная канцэнтрацыя: большая частка гэтага экспарту трапляе ў адну краіну — Расею. У розныя гады гэта ад 40% да 50% беларускага экспарту.

Вялікая частка яшчэ трапляе ў Эўразьвяз і ва Ўкраіну. То бок літаральна некалькі гандлёвых партнэраў. Беларусь дагэтуль не ўступіла ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Там сёньня каля 170 краінаў сьвету, практычна ўсе, яны адказваюць за 98% міжнароднага гандлю. Нягледзячы на запэўніваньні ўладаў, Беларусь не імкнулася далучыцца да гэтай арганізацыі. Гэта няправільна. Далучэньне да СГА можа дапамагчы беларускім прадпрыемствам вырашаць канфліктныя сытуацыі ў арбітражным судзе СГА. Гэта таксама дазволіць беларускай прадукцыі прасьцей трапляць на міжнародныя рынкі.

Іншы прыклад, як можна спрасьціць міжнародны гандаль для Беларусі, — гэта падпісаньне пагадненьня аб зоне свабоднага гандлю. Эўразьвяз мае амаль 100 такіх дамоваў з рознымі краінамі сьвету, Украіна мае амаль з 50, а Беларусь — з 9. Мы яшчэ недапрацоўваем, маем патэнцыял, каб палепшыць умовы вядзеньня бізнэсу, міжнароднага гандлю і пачынаць дывэрсыфікаваць экспарт.

«Беларус гатовы пераехаць у Польшчу, а паляк у Беларусь — не. А 30 гадоў таму мы жылі аднолькава»

— Людзі звыклі вымяраць свой дабрабыт заробкам. Паводле Лукашэнкі, ён мае быць 500 даляраў. Які будзе сярэдні заробак беларуса пасьля правядзеньня эканамічных рэформаў, за якія ты выступаеш?

— Можам параўноўваць з суседзямі. 30 гадоў таму беларусы і палякі жылі прыблізна на адным эканамічным узроўні. Яны спажывалі прыкладна столькі ж прадуктаў, мелі столькі ж мэтраў жытла на чалавека, прыкладна аднолькавую колькасьць тэхнікі.

Пасьля гэтага Польшча і Беларусь абралі зусім розныя шляхі эканамічнага разьвіцьця. Вынікі такія, што беларусы былі б гатовыя жыць на такіх умовах, як жывуць палякі. І ніхто з Польшчы, або вельмі мала хто, быў бы гатовы пераехаць з Польшчы ў Беларусь, каб тут атрымліваць адукацыю, працаваць ці рэалізаваць свой патэнцыял. На гэта спатрэбілася 30 гадоў, але адрозьненьне было бачнае значна раней.

Праходзіць адно пакаленьне, і праз тое, што мы выбралі няправільную эканамічную палітыку, сёньня мы вельмі моцна адстаём ад нашых суседзяў і суседзяў суседзяў. Асабліва ад тых, дзе рэформы прайшлі пасьпяхова: Польшча, Чэхія, Славаччына, Эстонія. Калі мы ня будзем праводзіць гэтыя рэформы, адставаньне будзе расьці, наша моладзь будзе зьяжджаць з эканамічных прычынаў. Калі ўсё застанецца як ёсьць, то бізнэс у Беларусі будзе перасьледавацца.

На жаль, без сапраўднага дыялёгу і зьмены палітычнай сыстэмы і эканамічнай сыстэмы Беларусі яе эканоміку чакае невясёлы лёс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG