Парлямэнт Кіргізстану ў пятніцу прагаласаваў за адмену надзвычайнага становішча ў Бішкеку. У той жа час прэм’ер-міністар Садыр Джапараў умацаваў сваю ўладу, афіцыйна заняўшы пасаду часовага прэзыдэнта.
Экс-прэзыдэнт Сааранбай Джээнбекаў, які напярэдадні пайшоў у адстаўку, на мінулым тыдні ўвёў надзвычайнае становішча і загадаў разьмясьціць войскі ў Бішкеку на фоне беспарадкаў супраць вынікаў парлямэнцкіх выбараў 4 кастрычніка.
Джапараў, вызвалены з турмы сваімі прыхільнікамі і хутка абраны на прэм’ер-міністра, заняў пасаду прэзыдэнта пасьля таго, як на пасяджэньні ў пятніцу сьпікер парлямэнту Канатбек Ісаеў, які зьяўляецца першым у чарзе паводле Канстытуцыі, адмовіўся гэта зрабіць.