Беларусь абʼявіла Сьвятлану Ціханоўскую ў міждзяржаўны вышук за заклікі да зрынаньня канстытуцыйнага ладу, паведамілі на запыт РИА Новости ў расейскім Міністэрстве ўнутраных спраў.
Пра тое, што Ціханоўская трапіла ў міждзяржаўны вышук у Расеі, стала вядома на пачатку кастрычніка. Пазьней у МУС РФ удакладнілі, што крымінальных спраў супраць яе няма, а ў вышуку яна аказалася ў адпаведнасьці з дамовамі аб дапамозе паміж Расеяй і Беларусьсю.
Цяпер з адказу расейскага міністэрства стала вядома, што ў Беларусі Ціханоўскую шукаюць за заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, гэта 3 частка 361 артыкула беларускага Крымінальнага кодэксу.
Цалкам артыкул гучыць так:
«Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрады дзяржаве, або ўчыненьня акту тэрарызму ці дывэрсіі, або ўчыненьня любых іншых дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, альбо распаўсюджваньне матэрыялаў, якія ўтрымліваюць такія заклікі, учыненыя з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі ці глябальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт, караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў».