Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нацыяналістычная апалёгія расейскай мовы», — польскія славісты адказалі Гусакову і Каваленю на артыкул аб «двумоўі»


Адна з аўтарак ліста пратэсту прафэсар Эльжбета Смулкова, Менск, 2018 год.
Адна з аўтарак ліста пратэсту прафэсар Эльжбета Смулкова, Менск, 2018 год.

Артыкул беларускіх прафэсараў, які прадстаўляе нацыяналістычную апалёгію расейскай мовы, не мае нічога супольнага з навуковым поглядам на беларуска-расейскае двумоўе, перакананыя польскія славісты і беларусісты.

Прафэсары з Польшчы, вядомыя спэцыялісты ў галіне беларускай мовы і этнаграфіі, адказалі беларускім навукоўцам акадэміку У. Гусакову і члену-карэспандэнту НАН Беларусі А. Каваленю, аўтарам артыкула «Белорусско-русское двуязычие — исторически сложившаяся духовно-культурная ценность народа».

«Гэты тэкст не заслугоўвае навуковай палемікі. Менавіта таму наша рэакцыя — пратэст»

«Як славісты, якія шмат гадоў займаюцца двумоўем і Беларусьсю, мы рашуча пратэстуем супраць публікацыяў ідэалягічнага зьместу пад выглядам навуковых артыкулаў. Тэкст „Белорусско-русское двуязычие — исторически сложившаяся духовно-культурная ценность народа“ У. Р. Гусакова і А. А. Кавалені, надрукаваны ў томе Doklady of the National Academy of Sciences of Belarus, 2020, vol. 64, Nr 4, рр. 506–512, не адпавядае ніводнаму з крытэраў навуковага тэксту, сярод якіх можна назваць: аб’ектыўнасьць дасьледаваньня, указаньне на навуковы мэтад, які выкарыстоўваецца ў дасьледаваньнях, а таксама бібліяграфію ў галіне сучасных высокаразьвітых глябальных дасьледаваньняў білінгвізму. Паколькі гэта не навуковы тэкст, ён не заслугоўвае навуковай палемікі. Менавіта таму наша рэакцыя — пратэст», — пішуць польскія славісты.

«Нацыяналістычны стэрэатып расейскай мовы»

«Артыкул спадароў прафэсараў, які прадстаўляе нацыяналістычную апалёгію расейскай мовы, не мае нічога супольнага з навуковым поглядам на беларуска-расейскае двумоўе. Ён зьмяшчае шматлікія гістарычныя скажэньні і маніпуляцыі, фальсыфікуе гісторыю беларуска-расейскіх адносінаў, замоўчваючы суровую антыбеларускую палітыку расейскага імпэрыялізму як мінімум з XVIII стагодзьдзя.

Прадстаўлены ў тэксьце нацыяналістычны стэрэатып расейскай мовы абражае фундамэнтальныя лінгвістычныя веды, а агульныя зьвесткі пра беларуска-расейскае двумоўе засланяюць асноўны фактар гэтага двумоўя — палітычны прывілей расейскай мовы за кошт беларускай.

Расейская мова ня мае патрэбы ні ў абароне, ні ў рэкляме. Ёй карыстаюцца больш за 258 мільёнаў чалавек па ўсім сьвеце. Гэта адна з моваў кангрэсу, тады як беларуская мова ўваходзіць у групу моваў, якія выцясьняюцца. Прадстаўленьне супярэчлівых фактаў, відавочных кожнаму мовазнаўцу і славісту, кампрамэтуе членаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Абсалютна недастойнай годнасьці навукоўцаў зьяўляецца насьмешлівая крытыка іншых моваў — ангельскай, італьянскай, нямецкай, францускай і польскай.

У той час калі беларусы, у поўнай годнасьці і мудрасьці, мірна змагаюцца за свае чалавечыя правы і перамогу праўды, справядлівасьці і сумленнасьці на сваёй радзіме, выклікаючы найвышэйшае прызнаньне і пашану ва ўсім сьвеце, такія прапагандысцкія тэксты, як тэкст спадароў прафэсараў, выклікаюць ня толькі мэрытарычны пратэст, але і маральнае асуджэньне», — пішуць выбітныя прадстаўнікі польскай навукі.

Хто аўтары ліста

Ліст падпісалі прафэсар філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту, першая амбасадарка Польшчы ў Менску, знаная беларусістка Эльжбета Смулкова, яе калега па ўнівэрсытэце прафэсар Ядвіга Ліндэ-Усякневіч, дырэктар Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук прафэсар Анна Зяліньская, супрацоўніцы інстытуту прафэсар Анна Энгелькінг, прафэсар Эва Галяхоўская.

Што напісалі акадэмік і член-карэспандэнт

Артыкул пра беларуска-расейскі білінгвізм у часопісе «The Doklady» апублікавалі У. Гусакоў, кіраўнік Акадэміі навук, аграрны эканаміст, і А. Каваленя, сакратар прэзыдыюму НАН, гісторык 2-й усясьветнай вайны.

Аўтары цьвердзяць, што:

  • — беларуска-расейскае двумоўе — унікальны фэномэн «в силу общности судеб белорусского и русского народов»
  • — колішні прыход польскай мовы ў Беларусь — зло, затое прыход расейскай — дабро
  • — расейская мова (разам зь яе ненарматыўнай лексыкай) больш дакладная, зручная, прыгожая і насычаная сэнсам, чым усе іншыя мовы сьвету
  • — ангельская мова занадта рэзкая, нямецкая маршавая, француская невыразная, а польская ўвогуле пшэкае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG