Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што Кіеў далучыцца да санкцыяў Эўрапейскага Зьвязу супраць уладаў Беларусі. Міністры замежных спраў Эўразьвязу 12 кастрычніка зацьвердзілі высновы адносна сытуацыі ў Беларусі разам з палітычным рашэньнем, што Эўразьвяз пашырыць санкцыйны сьпіс беларускіх чыноўнікаў, уключыўшы туды і Аляксандра Лукашэнку.
«Наша пазыцыя ў дачыненьні да Беларусі — пасьлядоўная і дакладная зь першага дня пачатку гэтага крызісу. Мы далучыліся да адпаведных заяў Эўрапейскага Зьвязу. Што датычыць ужо ўведзеных санкцый, мы да іх далучымся. Што датычыць любых новых санкцый, мы будзем дзейнічаць паводле ўзгодненага альгарытму — спачатку Эўрапейскі Зьвяз ухваляе санкцыі, а потым мы разглядаем пытаньне пра далучэньне да іх», — сказаў Дзьмітро Кулеба сёньня на брыфінгу ў Кіеве.
Пры гэтым кіраўнік украінскай дыпляматыі падкрэсьліў, што беларускае пытаньне зьяўляецца цудоўным прыкладам таго, як «працуе прадугледжаная ўгодай пра асацыяцыю канвэргенцыя вонкавай палітыкі Эўразьвязу і Ўкраіны, калі мы сапраўды выступаем адзіным фронтам у найбольш балючых пытаньнях».
Украіна, як і краіны ЭЗ, не прызнала легітымнасьць Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта Беларусі, прыпыніўшы са жніўня ўсе афіцыйныя кантакты з беларускім бокам. У верасьні стала вядома, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі скасаваў свой візыт у Беларусь для ўдзелу ў трэцім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны.
Пасьля ўвядзеньня Эўразьвязам першых санкцый у дачыненьні да Беларусі Дзьмітро Кулеба заявіў, што Ўкраіна далучыцца да іх, але эканамічную супрацу будзе працягваць.