12 кастрычніка прайшлі суды над гомельскімі журналісткамі Ларысай Шчыраковай і менскай журналісткай Яўгеніяй Доўгай. Іх пакаралі штрафамі.
У Гомлі прайшлі суды над журналісткамі, затрыманымі 8 і 9 кастрычніка.
Суд Гомельскага раёну пакараў штрафам у 810 рублёў Ларысу Шчыракову. Яна зь пятніцы знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Яе абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікеце (журналістка 5 кастрычніка разгарнула пад ІЧУ плякат у падтрымку затрыманай калегі Надзеі Пужынскай) і працу без акрэдытацыі (артыкул 22.9 КаАП).
Галоўнага рэдактара «Сильных Новостей» Ганну Якштас судзілі за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 23 верасьня. Яе пакаралі штрафам у 540 рублёў. Ганна з суботы была ў ІЧУ. У яе двое непаўналетніх дзяцей, у Ларысы — 14-гадовы сын.
Менскую журналістку Яўгенію Доўгую (Сьцепусь) сёньня аштрафавалі на 810 рублёў. Судзьдзя Партызанскага суду Хоміч прызнаў яе вінаватай у парушэньні артыкула 23.34 КаАП двойчы — 5 верасьня і 29 жніўня.
Яўгенію Доўгую затрымалі 9 кастрычніка каля пад’езду ўласнага дому на вачах 9-гадовай дачкі і мужа. Да суду яе зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.
Падчас працэсу журналістка заявіла, што ў камэры ёй не давалі ні падушкі, ні цёплай коўдры. Яна вельмі моцна зьмерзла, і ў яе абвастрыліся хранічныя захворваньні. Яна траціла прытомнасьць, але ёй адмаўляліся выклікаць хуткую. Журналістка абвясьціла галадоўку з моманту затрыманьня, каб зьвярнуць увагу на грубыя парушэньні і ціск на яе ў турме на Акрэсьціна.
«Высокі суд, я сяджу ў байцы, якая ў плямах ад крыві. Гэта таму, што ўвесь гэты час у мяне з носа цякла кроў. Цяпер у мяне ў шкарпэтках газэта, якая засталася ад былых сядзельцаў, каб сагрэцца», — сказала на судзе Яўгенія Доўгая.
Таксама стала вядома, што 11 кастрычніка на 810 рублёў аштрафавалі журналіста тэлеканалу «Белсат» Дзьмітрыя Міцкевіча, якога затрымалі 11 кастрычніка ў Менску на «Маршы гонару», паведамляе БелаПАН. Спачатку яго даставілі ў Кастрычніцкае РАУС, а потым — у ізалятар часовага ўтрыманьня.