Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве міліцыя заблякавала месца, дзе ў цэнтры мелася прайсьці акцыя пратэсту


Пратэстоўцы каля гандлёвага цэнтру «Атрыюм» у Магілёве, 6 верасьня 2020
Пратэстоўцы каля гандлёвага цэнтру «Атрыюм» у Магілёве, 6 верасьня 2020

Традыцыйнае месца зьбіраньня ўдзельнікаў, плошчу перад гандлёвым цэнтрам «Атрыюм», кантралявалі супрацоўнікі АМАП. Побач зь ёю стаялі мікрааўтобусы зь сілавікамі і час ад часу пад’яжджалі аўтазакі.

У прылеглых дварах было шмат экіпіраванай міліцыі і спэцтэхнікі. Над цэнтральнай вуліцай Першамайскай баражыраваў дрон. Людзі, пабачыўшы яго, разыходзіліся. Як яны казалі, такім чынам міліцыянты выяўляюць месцы групаваньня людзей.

На плошчы перад «Атрыюмам» сабралася некалькі дзясяткаў чалавек, якія пратэстнай актыўнасьці не выяўлялі. Да іх падыходзілі міліцыянты і папярэджвалі аб магчымым затрыманьні. Падчас гутаркі людзей здымалі на відэа.

«Амапаўцы нам сказалі, што з паведамленьняў у тэлеграм-каналах гэта месца, дзе неўзабаве пачнецца несанкцыянаваная акцыя пратэсту, – апавядае мужчына. – Нас папярэдзілі, калі яна пачнецца, пляцоўку ачэпяць і мы будзем затрыманыя».

У прылеглым да плошчы сквэры і на вуліцах патэнцыйных удзельнікаў акцыі пратэсту было нямала, але яны асьцерагаліся ісьці на яе. За перасоўваньнем міліцыянтаў назіралі здалёк.

Тым часам, у тэлеграм-каналах паведамлялася, што стыхійныя акцыі пратэсту праходзяць у розных раёнах гораду. Такія допісы ілюстраваліся фотаздымкамі.

Праваабаронцы ня маюць зьвестак пра колькасьць затрыманых. Вядома, што на плошчы перад «Атрыюмам» быў затрыманы мужчына. Затрымалі таксама карэспандэнта Белапан Алеся Асіпцова. Яго даставілі ў Ленінскі аддзел міліцыі, дзе з ім толькі пагутарылі. Перад гэтым агледзелі ягоны фотаапарат і праслухалі запісы на дыктафоне.

Міліцыянты, якія дастаўлялі журналіста, абмовілася, што, ён, нібыта, фатаграфаваў іхных калегаў бяз масак і выкладаў фота ў сацыяльныя сеткі. У аддзеле ўдакладнілі, што ад імя Асіпцова, выкладаліся такія фота, але дакумэнтальна гэтую інфармацыю яму не пацьвердзілі. У міліцыі журналіста пратрымалі блізу гадзіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG