У Менску цяпер зачыненыя сем станцый мэтро
Паводле телеграм-каналу Менскага мэтрапалітэну, у 16.27 на ўваход і выхад зачынілі станцыю «Пушкінская», у 14.30 – станцыі «Фрунзенская» і «Моладзевая», у 13.35 – «Кастрычніцкая», «Купалаўская», «Плошча Перамогі» і «Няміга», у 13.42 – «Плошча Леніна».
Менск: затрыманьні ў раёне расейскай амбасады
Калёна людзей прайшла з боку вуліцы Веры Харужай да Палаца дзяцей і моладзі і да расейскай амбасады, за імі паехала шмат аўтазакаў з вадамётам. Пачаліся затрыманьні, паведамляе Tut.by.
Пазьней каля Палаца моладзі АМАПаўцы дасталі з машыны трох мужчын і сілай пасадзілі ў аўтазак. Машыну, цёмна-зялёны BMW, пакінулі на праезнай частцы з уключанай аварыйкай.
Менск: калёна спэцтэхнікі едзе ў бок стэлы
Саюз журналістаў Расеі асудзіў затрыманьні расейскіх журналістаў у Менску
Саюз журналістаў Расеі назваў непрымальнымі затрыманьні сваіх журналістаў у Беларусі пры асьвятленьні масавых акцый, назваўшы іх перашкодай у працы.
«На жаль, працягваюцца затрыманьні журналістаў падчас маніфэстацый. Мы ня раз заяўлялі: гэта недапушчальна і трэба даць карэспандэнтам спакойна працаваць», – заявіў «Інтэрфаксу» кіраўнік Саюзу Ўладзімір Салаўёў (цёзка вядомага тэлепрапагандыста).
Зноў затрымалі фатографа расейскага СМІ
У Менску каля станцыі мэтро Пушкінская зноў затрымалі фотакарэспандэнта расейскага Sputnik Віктара Талочку, паведамляе выданьне. Яго ўжо затрымлівалі сёньня, але празь нейкі час адпусьцілі з РАУС.
У Горадні тым часам вызвалілі раней затрыманых журналістаў Вольгу Камягіну і Сяргея Людкевіча, піша «Белсат».
У Менску затрымалі валянтэраў Чырвонага Крыжа
Сёньня невядомыя затрымалі некалькіх валянтэраў Чырвонага Крыжа, цяпер яны знаходзяцца ў Цэнтральным РУУС, паведамляе тэлеграм-канал незалежнага руху мэдыкаў «Белые халаты».
Валянтэры Чырвонага Крыжа сёньня дапамагалі пацярпелым падчас жорсткага разгону ля Стэлы.
Менск: затрымалі галоўнага рэдактара і фатографа «Нашай нівы»
На Пушкінскай затрымалі галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягор Марціновіч і фатографку выданьня Надзею Бужан.
Менск: на «Пушкінскай» на пратэстоўцаў працягваюць нападаць сілавікі
У Менску дэманстранты застаюцца каля мэтро «Пушкінская», на іх нападаюць і зьбіваюць сілавікі. Як піша Tut.by, пратэстоўцы пачалі кідаць у байцоў розныя прадметы, калі аднаго з пратэстоўцаў сталі біць, «таксама дэманстранты палезьлі на АМАП з кулакамі».
Таксама працягваюцца затрыманьні ля «Кароны» на вуліцы Кальварыйскай.
У Горадні пачалі адпускаць затрыманых сёньня журналістаў
Зь Ленінскага РАУС Горадні адпусьцілі журналістаў БелаПАН Сяргея Людкевіча, Марыну Харэвіч, журналістку Onliner Дар’ю Сьпевак і журналістку газэты «Народная воля» Вольгу Камягіну.
У няволі застаецца Алена Кавальчук. Колькі ўсяго затрыманых і пацярпелых падчас акцыі ў Горадні, невядома.
У Менску адкрылі ўсе станцыі мэтро
А 18-й гадзіне ў Менску адкрылі ўсе станцыі менскага мэтро, паведаміў Менскі мэтрапалітэн. Сёньня ў розны час у Менску закрывалі 7 станцый.
Менск: на Кальварыйскай сілавікі разьбілі дзьверы хостэлу і выцягваюць людзей
«Рэжым ня здольны весьці сумленны дыялёг з грамадзтвам», – Латушка
Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка пракамэнтаваў «Марш годнасьці» 11 кастрычніка: «Рэжым чарговым разам прадэманстраваў сваю «гатовасьць» да канструктыўнага дыялёгу. У дачыненьні да мірных дэманстрантаў, якія выступаюць за тое, каб былі прыцягнутыя да адказнасьці вінаватыя ў парушэньні правоў чалавека, ужытая сіла, гвалт, затрыманьні. Хапаюць нават журналістаў, якія згодна зь дзейным заканадаўствам маюць права асьвятляць падзеі, што адбываюцца ў краіне», – адзначыў былы дыплямат.
Паводле Паўла Латушкі, беспрычынная жорсткасьць улады яшчэ раз падкрэсьлівае: рэжым не гатовы і ня здольны весьці сумленны і адкрыты дыялёг з грамадзтвам.
Вядомыя імёны ўжо больш за 200 затрыманых у Беларусі
На 18.45 праваабаронцам «Вясны» вядома ўжо 236 імёнаў затрыманых. Большасьць зь іх затрымалі Менску. Таксама сёньня затрымлівалі ў Горадні, Берасьці, Віцебску, Магілёве, Маладэчне, Жлобіне. Сьпіс абнаўляецца.
Чаму ўлады прадэманстравалі такую жорсткасьць сёньня?
«Лукашэнка панічна баіцца выглядаць слабым. Гэта разбурае ягоны вобраз „крутога мужыка”. Учорашні візыт у турму стаў дрэнным сыгналам для ягоных прыхільнікаў, намэнклятуры. Маўляў, „бацька” садзьмуўся. Каб нэўтралізаваць такое ўражаньне, сёньня Лукашэнка спрабуе дэманстраваць сілу адзіным зразумелым яму спосабам: лютай жорсткасьцю», — лічыць палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.
Вадамёт страляў па вокнах дома на праспэкце Пераможцаў?
Вадамёт, які разганяў пратэстоўцаў на праспэкце Пераможцаў у раёне Нямігі біў струменем проста ў вокны.
Ланцуг салідарнасьці на Каменнай Горцы
У Гомлі прайшлі затрыманьні бяз акцыі
АМАП ня даў гамельчукам сабрацца на плошчы Леніна. Шэрагі ўнутраных войскаў не прапускалі людзей з кветкамі на плошчу. Іншыя праходзілі. Калі ўсё ж сабралася паўсотні чалавек, пачаліся затрыманьні каля стадыёну, цырку, лялечнага тэатру.
Агулам затрымалі каля 20 чалавек. У там ліку выкладчыцу ГДУ імя Ф. Скарыны Натальлю Суславу, якая разам з былымі студэнтамі мелася адзначаць дзень нараджэньня. ДАІ спыніла іх аўтамабіль зь белымі і чырвонымі шарыкамі. Цяпер усе затрыманыя ў Чыгуначным і Цэнтральным РАУС.
У Горадні «Марш гонару» заблякавалі на галоўнай вуліцы
Некалькі сотняў чалавек прыйшлі на Савецкую плошчу ў Горадні 11 кастрычніка.
Гарадзенцы засьпявалі на плошчы «Тры чарапахі». Потым калёна з прыкладна 100-200 чалавек пайшла з Савецкай плошчы па Савецкай пешаходнай вуліцы. Унізе вуліцу перакрылі сілавікі. Людзі павярнулі і пайшлі зноў у накірунку Савецкай плошчы. Там вуліцу таксама перакрылі сілавікі. Больш за 10 чалавек затрымалі, у тым ліку, двух жанчын. Адной зь іх зламалі чырвона-белы парасон. Пасьля затрыманьняў пратэстоўцы разышліся.