Да гэтага часу Чэхія дапамагла 43 беларусам, пацярпелым падчас пратэстаў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта паведамляе сайт ČTK Česke Noviny, спасылаючыся на Міністэрства ўнутраных спраў Чэхіі.
Міністэрства ўнутраных спраў Чэхіі паведаміла 10 кастрычніка, што гэтыя беларусы пацярпелі ў сутыкненьнях зь сіламі бясьпекі, на некаторых зь іх засталіся сьляды катаваньняў. Амаль усім патрэбная псыхалягічная дапамога.
«Мы разьлічваем, што агулам прыедуць каля 50 пацыентаў. Цяпер наймалодшаму зь іх — 15 гадоў, найстарэйшаму — 56», — сказалі ў міністэрстве.
Паводле міністра ўнутраных спраў Яна Гамачэка, іх траўмы былі большыя, чым чакалася.
«Гэта агнястрэльныя раненьні, шматлікія пераломы, траўмы вачэй і вушэй пасьля выбуху гранаты, а ў некаторых людзей ёсьць нават сьляды катаваньняў», — сказаў Гамачэк.
Мэдычныя выдаткі, уключаючы транспарт, аплаціла Міністэрства ўнутраных спраў Чэхіі.
Пацыентаў адбірала адмысловая гуманітарная рада, якая складалася з прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Чэхіі. Беларусаў перавозілі ў Чэхію індывідуальна паветраным або наземным транспартам.