Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я запрашу ўсіх дэмакратычных кандыдатаў у Прагу». Размова з чэскім сэнатарам Паўлам Фішэрам


Павэл Фішэр
Павэл Фішэр

54-гадовы Павэл Фішэр — незалежны чэскі сэнатар, старшыня камітэту замежных спраў, абароны і бясьпекі ў верхняй палаце парлямэнту Чэскай Рэспублікі. Удзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах у Чэхіі ў 2018-м, на якіх у першым туры заняў 3-е месца, атрымаўшы 10% галасоў. Заявіў, што будзе балятавацца на наступных прэзыдэнцкіх выбарах.

«У Беларусі вырашаецца лёс свабоды і дэмакратыі»

— Спадар сэнатар, ці сочыце вы за сытуацыяй у Беларусі?

— Сачу за гэтай сытуацыяй, таму што ў Беларусі вырашаецца лёс свабоды і дэмакратыі, і адбываецца гэта ў зусім ня лёгкіх умовах. Мы ў Чэхіі занепакоеныя тым, што ізаляцыя Беларусі ў рамках разнастайных фарматаў супрацоўніцтва, як двухбаковых, так і з Эўрапейскім Зьвязам, можа паглыбіцца яшчэ больш. Таму нас цікавіць, што адбываецца ў Беларусі.

— Ці чулі вы пра затрыманьне ў Беларусі трох дзясяткаў расейскіх наёмнікаў з так званай групоўкі «Вагнэр», якія нібыта прыехалі дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне?

— Так, я чуў, хоць павінен сказаць, што пакуль ведаю пра гэта няшмат. Але мне здаецца, што гэта можа быць канструкцыя, якая дазволіць прэзыдэнту Лукашэнку яшчэ мацней закруціць гайкі або памяняць правілы кампаніі. Не хацелася б, каб гэта было падставай для рашэньняў, якія гэтую выбарчую кампанію дыскваліфікуюць зусім. Так што мы сочым за гэтай справай і хочам правільна на яе рэагаваць.

Нагадаю, што чэскі Сэнат на мінулым тыдні прыняў рэзалюцыю, у якой мы выказалі моцную салідарнасьць зь Беларусьсю і падкрэсьлілі, як важна захоўваць прынцыпы прававой дзяржавы і справядлівай дэмакратычнай канкурэнцыі. Мы павінны быць гатовыя да таго, каб кожны крок, які вядзе да супрацьлеглага, — прыкладам, гэтае затрыманьне групоўкі «Вагнэр», — мы маглі адэкватна назваць.

«Беларусь нам бліжэйшая, чым мы думаем»

— Чаму, на вашу думку, тым, што адбываецца ў Беларусі, павінны цікавіцца звычайныя чэхі? Магчыма, ім і ня трэба зьвяртаць увагу на Беларусь, бо яна далёка ад Чэхіі і прытым не належыць да Эўразьвязу?

— Беларусь нам бліжэйшая, чым мы думаем. Кожны, хто там пабываў, ведае, якая блізкая яе культура, архітэктура, народнае ўмельства ці школы. Да таго ж у Чэскай Рэспубліцы знаходзіцца вельмі актыўная беларуская супольнасьць, добра арганізаваная, якая зьвяртае ўвагу нашага грамадзтва на беларускія тэмы. Усе гэтыя людзі гатовыя дапамагаць дэмакратычнай Беларусі.

Праблема, аднак, у тым, што Беларусь ізалюецца так, што нам вельмі цяжка ўспрымаць яе як зону, зь якой у нас шмат супольнага. Мы прыглядаемся да таго, што робіць прэзыдэнт Лукашэнка, але ніяк не разумеем, як гэта магчыма, што яму так доўга ўдаецца панаваць над сытуацыяй у Беларусі на шкоду сваіх грамадзян.

«Ігар Лосік — наш»

— Што вы скажаце пра прэзыдэнцкую кампанію ў Беларусі, у якой улады адмовілі ў рэгістрацыі двум моцным альтэрнатыўным кандыдатам?

— Гэтая прэзыдэнцкая кампанія важная якраз тым, што мы бачым у ёй вялікую мабілізацыю людзей і СМІ. Гэта сапраўды чаканьне нейкай зьмены. А сам факт, што кампаніі ўдалося прыцягнуць такую ўвагу да справядлівай палітычнай канкурэнцыі — якраз таму, што некаторых не дапусьцілі да гэтай канкурэнцыі — патрабуе ад нас адпаведнай назвы і ацэнкі. Праблема ў тым, што цяпер АБСЭ ня зробіць гэтага за нас. У Беларусі, як ведаем, ня будзе назіральнай місіі АБСЭ. А мы павінны ўсьвядоміць, што якраз справядлівыя і адкрытыя выбары — гэта адна з умоваў існаваньня свабоднага і адкрытага грамадзтва. Таму гэтыя выбары датычаць і нас.

Чэскае грамадзтва адзначае і шматлюдныя мітынгі ў Беларусі, і прысутнасьць у кампаніі кандыдатаў-жанчын, ды таксама не забывае пра палітвязьняў. Некаторыя з прэтэндэнтаў у кандыдаты знаходзяцца ў турме, у турме таксама і журналісты. Ігар Лосік, які быў у Празе на стыпэндыі імя Вацлава Гаўла, нашага прэзыдэнта, — таксама наш. І мы таксама пра яго думаем. Ён ужо больш чым месяц сядзіць у вязьніцы, без працэсу, які б выклікаў давер. Гэта для нас сапраўды важная тэма, таму што яна па-свойму закранае наша разуменьне свабоды як нечага, чым мы абавязаны дзяліцца зь іншымі. Дзе свабоду топчуць, туды мы кіруем сваю ўвагу.

«Дзьверы, якія маглі б адчыніцца перад Беларусьсю»

— А што вы думаеце пра кампанію Сьвятланы Ціханоўскай, якая кажа, што яе мэта не кіраваць Беларусьсю, а арганізаваць новыя сумленныя выбары?

— Гэты мэсыдж бачны і зразумелы таксама з Прагі. Таму што палітычная канкурэнцыя сваё заданьне часта бачыць ва ўвядзеньні новых тэмаў. Гэтыя новыя тэмы ня можа ўвесьці нехта, хто знаходзіцца ва ўладзе 20 ці 30 гадоў і забараняе адкрытую дыскусію.

Мы таксама павінны разумець, што сумленныя выбары — каштоўнасьць сама ў сабе, за якую варта змагацца. Калі б наступілі нейкія далейшыя рэпрэсіі або і гвалт на вуліцах, — прэзыдэнт Лукашэнка гаварыў нават пра вайну і мабілізацыю, — то трэба ўсьвядоміць сабе, што могуць прыйсьці і далейшыя санкцыі. Тыя дзьверы, якія маглі б адчыніцца перад Беларусьсю, застануцца зачыненымі, і будуць прыбываць далейшыя, якія зачыняцца.

Цяжка ўявіць, што мы здолеем працаваць з прэзыдэнтам Лукашэнкам дзеля таго, каб пашыраць супрацоўніцтва. Але трэба, каб ён не павышаў ціску на людзей і не дапусьціў гвалту на вуліцах, таму што гэта было б дыскваліфікацыяй магчымасьці ўсялякага ўзаемадзеяньня. Мы спрабуем падыходзіць да Беларусі як да самастойнай краіны, якая ня хоча быць часткай некаторых сфэраў цясьнейшага супрацоўніцтва з Расейскай Фэдэрацыяй, але дзеля гэтага трэба, каб Беларусь ведала, што нас цікавіць, як захоўваюцца грамадзянскія і палітычныя свабоды, якія ляжаць у падмурку Эўропы.

Без захаваньня гэтых свабод Беларусь ня можа стаць удзельніцай эўрапейскіх інтэграцыйных памкненьняў. Але патэнцыял і зацікаўленасьць гэтым у Беларусі ёсьць. Я перакананы, што гэта было б толькі на карысьць міру і супрацоўніцтва на эўрапейскім кантынэнце, калі б у Беларусі нарэшце пачало шанцаваць законнасьці і свабодзе. Але гэтага ня будзе, калі ў турмах будуць сядзець палітвязьні і журналісты, і калі будуць праводзіцца такія несумленныя выбары, як цяпер.

«Беларусы маюць у Празе выразных і сьмелых прыхільнікаў»

Павэл Фішэр
Павэл Фішэр


— Пасьля жорсткага задушэньня пратэстаў апазыцыі ў Беларусі ў 2010 годзе Эўразьвяз увёў санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Але гэтыя санкцыі амаль не паўплывалі на паводзіны Лукашэнкі. Што, на вашу думку, Эўразьвяз мог бы зрабіць, калі б гэтыя прэзыдэнцкія выбары закончыліся так, як тыя ў 2010?

— Я не магу сказаць дакладна, што трэба было б зрабіць у такім выпадку. Але ведаю, што можна зрабіць ужо цяпер. Можна запрасіць усіх апазыцыйных кандыдатаў у Прагу, каб мы разам зь імі прааналізавалі, што трэба зрабіць для будучыні. Наша заданьне не вырашаць замест грамадзян Беларусі, але ствараць магчымасьці, каб у Беларусі пашыраліся ідэі свабоды, талерантнасьці і дэмакратыі. Гэта можна зрабіць якраз з тымі прадстаўнікамі Беларусі, якія маюць сьмеласьць ангажавацца. Тыя, якія вырашылі стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты, перайшлі гэтую мяжу паміж бязьдзейнасьцю і самаахвярнасьцю. Я ахвотна сустрэўся б зь імі, ахвотна запрасіў бы іх у Прагу, каб мы разам падумалі, якая дапамога патрэбная.

— Калі я вас добра зразумеў, асабіста вы маглі б паслаць такое запрашэньне дэмакратычным кандыдатам у Беларусі?

— Так. Я гавару цяпер як старшыня камітэту замежных спраў, абароны і бясьпекі Сэнату Чэскай Рэспублікі. Я ахвотна запрашу усіх дэмакратычных кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама тых, якіх кандыдатамі не зарэгістравалі, каб мы ў Сэнаце маглі зь імі абмеркаваць тое, пра што я сказаў. І ня толькі мы ў Сэнаце, але і ўсе тыя, якія дапамагаюць Беларусі і вераць у свабоду для Беларусі, — я маю на ўвазе сэктар недзяржаўных арганізацый, — каб разам падумаць, як можна дапамагчы Беларусі ў часе, які можа стаць яшчэ больш складаным. Так, я разьлічваю на дыялёг і веру, што нам удасца сустрэцца. Апошнім часам беларусы маюць у Празе шэраг вельмі выразных і сьмелых прыхільнікаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG