Азэрбайджан і Армэнія на перамовах у Маскве дамовіліся пра спыненьне агню ў Нагорным Карабаху з 12-й гадзіны 10 кастрычніка.
Падчас замірэньня бакі канфлікту абмяняюцца палоннымі і целамі загінулых.
Сытуацыя ў Нагорным Карабаху абвастрылася 27 верасьня, на лініі судакрананьня ішлі баі з выкарыстаньнем цяжкіх узбраеньняў. Бакі паведамляюць пра шматлікія чалавечыя страты, у тым і сярод мірнага насельніцтва.
Новыя абвінавачаньні пасьля перамоў
Пры гэтым у суботу абодва бакі канфлікту зноў паведамілі пра баі ў Карабаху і ўжываньне вялікай колькасьці бесьпілётнікаў і артылерыі.
МЗС Армэніі заявіў, што, «праігнараваўшы спыненьне агню», азэрбайджанскія падразьдзяленьні ў 12:05 нібыта распачалі атаку на мясцовасьць пад назвай Карахамбейлі, паведамляе прэс-сакратар Мінабароны Армэніі Шушан Стэпаньян.
У Мінабароны Азэрбайджану назвалі паведамленьні армянскага боку «хлусьнёй і чарговай правакацыяй праціўніка». У сваю чаргу, ведамства абвінаваціла Армэнію раніцай 10 кастрычніка ў абстрэлах сёлаў у чатырох раёнах.
Міністэрства абароны Армэніі таксама абвергла паведамленьне пра абстрэл у Тэртэрскім і Агдамскім раёнах.