Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў лічыць, што міжнароднае пасярэдніцтва ва ўрэгуляваньні канфлікту ў Нагорным Карабаху ні да чаго не прывяло.
«У нас ужо 28 гадоў існуе міжнароднае пасярэдніцтва. Менская група АБСЭ з 1992 года 28 гадоў пасіўна „дзейнічае“. Гэта пасярэдніцтва ні да чаго не прывяло. Яно прывяло да таго, што сёньня адбываецца», — сказаў Аліеў у інтэрвію тэлеканалу CNN International, тэкст якога быў перадрукаваны на сайце азэрбайджанскага прэзыдэнта.
На думку кіраўніка Азэрбайджану, пасярэдніцтва Менскай групы «аказалася недастатковым для таго, каб прымусіць Армэнію пакінуць тэрыторыю, якая ёй не належыць».
Сытуацыя ў Нагорным Карабаху абвастрылася 27 верасьня, на лініі судакрананьня ідуць баі з выкарыстаньнем цяжкіх узбраеньняў. Бакі паведамляюць пра шматлікія чалавечыя страты, у тым і сярод мірнага насельніцтва.