Прэзыдэнт Кіргізстану Сааранбай Жээнбекаў 9 кастрычніка падпісаў указ аб увядзеньні на тэрыторыі Бішкеку рэжыму надзвычайнага становішча, паведамляецца на сайце кіраўніка дзяржавы.
Надзвычайнае становішча ўводзіцца з 20.00 гадзін вечара 9 кастрычніка да 8.00 гадзіне 21 кастрычніка 2020 году.
Камэндантам гораду на пэрыяд надзвычайнага становішча прызначаны намесьнік міністра ўнутраных спраў Алмазбек Аразаліеў.
Ва ўказе гаворыцца, што такое рашэньне прынятае «выключна ў інтарэсах забесьпячэньня абароны жыцьця і здароўя грамадзян, іх бясьпекі, а таксама ў мэтах найхутчэйшай стабілізацыі сытуацыі і навядзеньня грамадзкага парадку ў Бішкеку».
Дакумэнт дазваляе:
- уводзіць камэнданцкую гадзіну;
- уводзіць адмысловы рэжым ўезду і выезду грамадзян;
- забараняць асобным грамадзянам пакідаць свае дамы;
- забараняць правядзеньне масавых мерапрыемстваў, забастовак, сходаў, мітынгаў, шэсьцяў і пікетаў;
- высылаць парушальнікаў парадку, якія пражываюць не ў сталіцы, у тым ліку іншаземцаў, за іх кошт да месца свайго пастаяннага знаходжаньня;
- усталёўваць асаблівы рэжым працы прадпрыемстваў і арганізацый;
- забараняць звальненьні працоўных і служачых па ўласным жаданьні;
- уводзіць кантроль за СМІ, калі іх могуць выкарыстоўваць для нагнятаньня абстаноўкі ў Бішкеку;
- уводзіць асаблівыя правілы карыстаньня сувязьзю;
- абмяжоўваць рух транспартных сродкаў, у тым ліку замежных, і праводзіць іх дагляд, за выключэньнем транспарту дыпляматычных службаў;
- правяраць дакумэнты ў месцах масавага збору грамадзян.
Генэральнаму штабу Ўзброеных сіл загадана ўвесьці ў Бішкек вайскоўцаў і тэхніку для арганізацыі блёк-пастоў, стрымліваньня узброеных сутыкненьняў, забесьпячэньня аховы правапарадку і абароны мірнага насельніцтва.
Ураду даручылі прадугледзець неабходныя сродкі для забесьпячэньня рэжыму надзвычайнага становішча.
СМІ ў пэрыяд ўвядзеньня надзвычайнага здарэньня загадана распаўсюджваць інфармацыю, прадстаўленую камэндантам у мэтах выключэньня нагнятаньня сытуацыі.
У Кіргізстане 5 кастрычніка пасьля абвяшчэньня вынікаў парлямэнцкіх выбараў пачаліся пратэсты, якія перарасьлі ў беспарадкі. У ноч на 6 кастрычніка дэманстранты занялі Белы дом, у якім засядае парлямэнт і знаходзіцца апарат прэзыдэнта, а таксама вызвалілі з-за кратаў шэраг палітыкаў. Прэзыдэнт Сааранбай Жээнбекаў расцаніў падзеі ў краіне як «спробу захопу ўлады» і заявіў, што застаецца легітымным кіраўніком Кіргізстану. Паведамляецца, што ў краіне дзейнічаюць некалькі палітычных груп і каардынацыйных радаў.
9 кастрычніка Жээнбекаў падпісаў указ аб адстаўцы прэм’ер-міністра краіны Кубатбека Баронава і ўраду. Таксама сваім указам прэзыдэнт зьняў Аразбека Апумбаева з пасады старшыні Дзяржаўнага камітэту нацыянальнай бясьпекі.