Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месцазнаходжаньне прэзыдэнта Кіргізстану невядомае


Прэзыдэнт Кіргізстану Сааранбай Жээнбекаў.
Прэзыдэнт Кіргізстану Сааранбай Жээнбекаў.

Месцазнаходжаньне прэзыдэнта Кіргізстану Сааранбая Джээнбекава і прэм’ер-міністра Кубатбека Баронава невядомае, паведаміў у чацьвер «Інтэрфаксу» намесьнік кіраўніка Рады бясьпекі краіны Амурбек Суваналіеў.

«Месцазнаходжаньне прэзыдэнта Кіргізстану Сааранбая Джээнбекава і прэм’ер-міністра Кубатбека Баронава невядомае. У мэтах бясьпекі прынята рашэньне закрыць мяжу», — сказаў Суваналіеў.

Паводле яго, першыя асобы краіны не зьяўляліся на публіцы з пачатку пратэставых акцый. Было некалькі зваротаў прэзыдэнта, апублікаваных у інтэрнэце, але дзе яны запісаныя, невядома.

«Службовыя асобы, якія пакінулі працоўныя месцы, знаходзяцца ў кансьпіратыўных месцах. Сказаць дакладна дзе, мы ня можам, многія зь іх хаваюцца. Частка зь іх, як Баронаў, запэўніваюць, што працуюць дыстанцыйна і ў адстаўку не падавалі. Такіх рэваншыстаў досыць шмат, што можа прывесьці да вялікіх сутыкненьняў», — адзначыў Амурбек Суваналіеў.

Аднак прэс-сакратар Джээнбекава Талганай Стамаліева паведаміла ў чацьвер агенцтву ТАСС, што «прэзідэнт працягвае выконваць свае абавязкі, знаходзячыся ў Бішкеку» і «асабіста праводзіць перамовы з палітычнымі сіламі».

Чыноўнік дадаў, што палітычная сытуацыя ў краіне застаецца напружанай.

«Палітычныя партыі ня могуць дамовіцца. Мы прымаем усе меры зь сілавым блёкам, каб не дапусьціць сутыкненьняў. Партыі павінны сесьці за стол перамоваў, каб не дэстабілізаваць абстаноўку», — сказаў намесьнік кіраўніка Рады бясьпекі.

  • 5 кастрычніка ў Кіргізстане пачаліся акцыі апазыцыі, якая не прызнала вынікі парлямэнцкіх выбараў. Праваахоўныя органы ўжылі сілу супраць дэманстрантаў, якія спрабавалі трапіць у будынак парлямэнту.
  • Сутыкненьні працягваліся ў Бішкеку ўсю ноч, бліжэй да раніцы пратэстоўцы захапілі будынак парлямэнту, дзе таксама разьмешчаны офіс прэзыдэнта. 6 кастрычніка ЦВК адмяніла вынікі парлямэнцкіх выбараў, што прайшлі 4 кастрычніка.
  • Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя Кіргізстану, па мэдычную дапамогу зьвярнуліся больш за тысячу чалавек, адзін з пратэстоўцаў загінуў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG