Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МДЛУ выявілі 30 выпадкаў COVID-19


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце выявілі каранавірус у 30 студэнтаў і супрацоўнікаў, паведаміў рэктарат у афіцыйным тэлеграм-канале МДЛУ.

«На 8 кастрычніка 23 студэнты і 7 работнікаў МДЛУ маюць станоўчы вынік на наяўнасьць COVID-19. Пры гэтым 13 студэнтаў атрымалі інфікаваньне не ва ўнівэрсытэце і ня мелі кантактаў зь іншымі студэнтамі і выкладчыкамі. 10 інфікаваных студэнтаў займаліся ва ўнівэрсытэце», — адзначаецца ў паведамленьні рэктарату ў афіцыйным тэлеграм-канале МДЛУ.

З 7 інфікаваных работнікаў унівэрсытэту 6 — выкладчыкі. «Хвароба ў кожнага зь іх працякае ў няцяжкай і лёгкай форме, ніхто не шпіталізаваны», — паведамілі ў рэктараце.

Усе выкладчыкі і студэнты, якія мелі кантакт з інфікаванымі, заяўленыя як кантакты першага ўзроўню і таксама праходзяць мэдычнае абсьледаваньне на наяўнасьць COVID-19.

Групы, у якіх зафіксавалі выпадкі заражэньня каранавірусам, перавялі на онлайн-навучаньне, а студэнты — кантакты першага ўзроўню, якія знаходзяцца на самаізаляцыі, навучаюцца па індывідуальных вучэбных плянах і не наведваюць унівэрсытэт, гаворыцца ў паведамленьні. У МДЛУ таксама рэкамэндуюць выкарыстоўваць на занятках мэдычныя маскі.

Напярэдадні Міністэрства аховы здароўя растлумачыла, што да кантактаў першага ўзроўню адносяцца грамадзяне, якія мелі шчыльны кантакт з чалавекам з пацьверджаным COVID-19 на працягу 4 дзён да і 10 дзён пасьля зьяўленьня ў яго сымптомаў захворваньня ці (у выпадку адсутнасьці сымптомаў) на працягу такога ж часу да і пасьля даты забору матэрыялу для дасьледаваньня на інфэкцыю. Шчыльным лічыцца кантакт на працягу ня менш за 15 хвілін на адлегласьці, меншай за 1 мэтар, без выкарыстаньня ахоўных масак.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG