Амбасадары Літвы Андрус Пулокас і Польшчы Артур Міхальскі пакінулі Беларусь напярэдадні ўвечары. Кіраўнік дыпмісіі Нямеччыны Манфрэд Хутэрэр зьяжджае 6 кастрычніка. Пра гэта Tut.by паведамілі крыніцы.
Выклік амбасадараў у свае сталіцы для кансультацый зьвязаны з дыпляматычным скандалам, які разгарэўся 2 кастрычніка. Тады беларускае МЗС запатрабавала ад дыпляматычных прадстаўніцтваў Польшчы і Літвы істотна скараціць колькасьць супрацоўнікаў. Таксама амбасадараў Беларусі ў гэтых краінах адклікалі ў Менск.
5 кастрычніка кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус паведаміў аб адклiканьнi свайго амбасадара ў Беларусі. Сьледам аналягічную заяву зрабіў кіраўнік МЗС Польшчы Зьбігнеў Раў, які адзначыў, што ў каардынацыі з Эўрапейскай службай вонкавых сувязяў прынята рашэньне адклікаць і некаторых іншых паслоў, акрэдытаваных у Беларусі.
«Патрабаваньне ўладаў Беларусі, каб Польшча і Літва значна скарацілі дыпляматычную прысутнасьць у Менску, выклікае шкадаваньне і зьяўляецца контрапрадуктыўным. Спробы зрабіць мішэнямі асобныя краіны Эўразьвязу ня здолеюць парушыць нашае адзінства. Мы па-ранейшаму заклікаем беларускія ўлады спыніць гвалт і рэпрэсіі, вызваліць затрыманых мірных дэманстрантаў і палітвязьняў, паважаць свабоду СМІ і грамадзянскую супольнасьць», — гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі.
Там таксама заклікалі неадкладна пачаць усеагульны нацыянальны дыялёг дзеля забесьпячэньня сувэрэннай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні краіны.