5 кастрычніка адвакаты сябры прэзыдыюму Каадынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай падалі ў Сьледчы камітэт хадайніцтва аб спыненьні крымінальнага пераследу на падставе адсутнасьці складу злачынства.
Абаронцы падкрэсліваюць, што ўсе выступы і заявы Марыі Калесьнікавай знаходзяцца ў вольным доступе і не зьмяшчаюць заклікаў да дзеяньняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі, паведамляе тэлеграм-канал штабу зьняволенага экс-банкіра Віктара Бабарыкі.
Наадварот, у публічных выступах Марыя Калесьнікава неаднаразова настойвала на спыненьні любых парушэньняў канстытуцыйных правоў і свабодаў грамадзян Беларусі.
Яе дзеяньні накіраваныя не на прычыненьне, а на прадухіленьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі. Абвінавачаньне носіць агульны, неканкрэтны характар, парушае крымінальна-працэсуальнае заканадаўства і абцяжарвае права Марыі Калесьнікавай на абарону, адзначаюць адвакаты палітзьняволенай.
7 верасьня група невядомых выкрала Марыю Калесьнікаву ў цэнтры Менску. У ноч на 8 верасьня стала вядома, што яна адмовілася зьяжджаць зь Беларусі, разарваўшы пашпарт на беларуска-ўкраінскай мяжы. Неўзабаве яе зьмясьцілі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.
9 верасьня Калесьнікаву ўзялі пад варту ў справе аб закліках да захопу ўлады. Сама яна расцэньвае тое, што адбылося зь ёй, як выкраданьне.