Нягледзячы на перакратыя вуліцы, зачыненыя станцыі мэтро і прэвэнтыўныя затрыманьні, менчукі зьбіраюцца ў цэнтры гораду.
Вялізная калёна ўдзельнікаў «Маршу за вызваленьне палітвязьняў» рушыць па Нямізе з боку Опэрнага тэатру і паварочвае на праспэкт Пераможцаў.
Таксама некалькі тысяч чалавек са сьцягамі сабраліся на падыходзе да стэлы «Менск — горад-герой» з боку праспэкту Машэрава. Сам праход да стэлы перакрыты.
У руках дэманстранты трымаюць плякаты: «Дзяніс Кузьняцоў. Вечная памяць», «Пэнсіянэры супраць гвалту і хлусьні», а таксама ў падтрымку парталу Tut.by.
На праспэкце Пераможцаў шмат міліцэйскай тэхнікі. Сьведкі кажуць пра затрыманьні. Некаторыя ўдзельнікі адбягаюць да набярэжнай Сьвіслачы на іншым баку вуліцы Нямігі.