Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марш вызваленьня палітвязьняў у Менску, акцыя пратэсту 4 кастрычніка.
Марш вызваленьня палітвязьняў у Менску, акцыя пратэсту 4 кастрычніка.

На «Маршы вызваленьня палітвязьняў» у Менску сабраліся дзясяткі тысяч, супраць іх ужылі вадамёты. Што адбываецца на 57-ы дзень пратэстаў

На 57-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі заклікалі да правядзеньня «Маршаў вызваленьня палітвязьняў». З пачатку прэзыдэнцкай кампаніі колькасьць палітычных зьняволеных у Беларусі вырасла з трох да 77.

15:41 4.10.2020

Магілёў: сабралася некалькі сотняў чалавек, міліцыянты папярэджваюць пра незаконнасьць акцыі

Міліцыянты пачалі падыходзіць да людзей і папярэджваць, што нельга браць удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. На Савецкай плошчы працягваецца кірмаш. Тут знаходзяцца некалькі соцень чалавек. Людзі купляюць садавіну, гародніну, размаўляюць паміж сабой, гуляюць. Не відаць ніякай сымболікі, не чуваць скандаваньня або лёзунгаў, ня грае музыка. Недалёка па-ранейшаму стаяць аўтазак і міліцэйскія аўтобусы.

Праваабаронцы паведамляюць пра 4 затрыманых: Алесю Хітрыкаву і сямейную пару Дасковічаў, Кірылу і Натальлю. Свабодзе паведамілі, што з плошчы забралі Вольгу Серакову

15:26 4.10.2020

Менск: на Нямізе пратэстоўцаў пачалі разганяць вадамётам

На праспэкце Пераможцаў, у раёне Нямігі, пратэстоўцаў пачалі разганяць вадамётам.

Калі вадамёт даехаў да Машэрава, дэманстранты абступілі яго, дасталі зь яго кантэйнэры з каляровай вадкасьцю і вылілі іх на дарогу. Пасьля гэтага вадамёт зламаўся, ён бесьперапынна лье ваду ўгору фантанам і вымушана зьяжджае пад улюлюканьне пратэстоўцаў, паведамляе «Наша Ніва».

15:12 4.10.2020

У Горадні пачаліся затрыманьні

У Горадні пачаліся затрыманьні. На плошчу выйшлі амапаўцы ў шаломах. Людзі стаялі на плошчы бязь лёзунгаў і сьцягоў. Ня менш як траіх затрымалі, у тым ліку дзяўчат. Мужчыну затрымалі жорстка, паклаўшы на зямлю, ён крычаў: «Дапамажыце!».

Міліцыянты пачалі падыходзіць да людзей і папярэджваць, што нельга прымаць удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. На Савецкай плошчы працягваецца кірмаш. Тут некалькі сотняў чалавек. Людзі набываюць садавіну, гародніну, размаўляюць паміж сабой, шпацыруюць. Не відаць ніякай сымболікі, не чуваць скандаваньня або лёзунгаў, ня грае музыка. Побач па-ранейшаму стаяць аўтазак і міліцэйскія аўтобусы.

15:09 4.10.2020

Менск: пратэстоўцы ідуць да праспэкту Пераможцаў

Вялізная калёна ўдзельнікаў Маршу са сьцягамі ідзе па Нямізе з боку Опэрнага тэатру і павяртае на праспэкт Пераможцаў.

Тысячы пратэстоўцаў рушаць яшчэ адной калёнай па вуліцы Старавіленскай і набярэжнай Сьвіслачы ў бок Нямігі.

15:07 4.10.2020

У Горадні затрымалі журналістак

15:00 4.10.2020

Першыя тысячы дэманстрантаў у Менску

Каля дзьвюх тысяч чалавек са сьцягамі сабраліся на падыходзе да стэлы з боку праспэкту Машэрава. Сам праход да стэлы перакрыты.

14:55 4.10.2020

Затрыманьні ў Менску ля стэлы

14:47 4.10.2020

У Менску зьбіраюцца калёны дэманстрантаў

У розных раёнах Менску зьбіраюцца невялікія групы дэманстрантаў. Яны накіроўваюцца ў цэнтар гораду, паведамляе тэлеканал «Белсат». На Нямізе заўважаная група каля сотні чалавек.

Калёны людзей у Менску сьцягваюцца да Нямігі таксама па Старажоўскай, ідуць па дарозе на мосьце празь Сьвіслач на Багдановіча.

14:43 4.10.2020

У Горадні затрымалі блогера

Горадзенскага блогера і вядоўцу вясельляў Андрэя Ірху затрымалі міліцыянты на Савецкай плошчы ў Горадні падчас стрыму. На плошчы ідзе сельскагаспадарчы кірмаш. Тут знаходзяцца кіраўніцтва міліцыі, прэс-служба УУС. Побач з плошчай шмат міліцэйскага транспарту.

14:32 4.10.2020

У Віцебску затрымалі журналістаў

У Віцебску затрымалі «для ўдакладненьня асобы» журналістку Тацяну Мацьвееву і фатографа Алеся Пілецкага. Пра гэта паведаміў іх калега Сяргей Серабро.

14:29 4.10.2020

У Гомлі перакрыты цэнтар гораду

Ланцугі АМАП і ўнутраных войск стаяць на ўсіх практычна перакрыжаваньнях вуліцы Савецкай. Аўтазакі і сінія мікрааўтобусы стаяць ля ўнівермага "Гомель", на праспэкце Перамогі і на плошчы Леніна. Збор удзельнікаў Маршу меркаваўся на плошчы Леніна.

14:21 4.10.2020

У Менску абмежаваны мабільны інтэрнэт

У Менску «традыцыйныя» ўжо для нядзелі перабоі з мабільным інтэрнэтам. Апэратар А1 прызнае, што гэта зноў зьвязана з «распараджэньнем упаўнаважаных органаў».

Раней у такіх сытуацыях практычна адсутнічаў доступ праз 4G і 3G, але працаваў праз 2G

14:19 4.10.2020

Тэлеканал «Настоящее время» вядзе жывы эфір з пратэстаў у Беларусі

Традыцыйна ў трансьляцыі бяруць удзел экспэрты, палітыкі і відавочцы падзей.

14:16 4.10.2020

Сілавікі на праспэкце Пераможцаў у Менску

14:14 4.10.2020

У Віцебску затрымалі Тацяну Севярынец

Тацяна Севярынец
Тацяна Севярынец

А 13.40 Тацяна Севярынец выйшла са свайго дому, у двары да яе падышлі невядомыя, прадставіліся супрацоўнікамі Першамайскага РАУС Віцебску — сказалі, што трэба праехаць зь імі ў аддзяленьне, скласьці пратакол, які быў накіраваны да дапрацоўку за ўдзел у акцыі 6 верасьня. Тацяна знаходзіцца ў міліцыі, паведаміла яна Свабодзе.

13:46 4.10.2020

Цэнтральныя станцыі мэтро ў Менску зачыненыя

У Менску зачынілі станцыі мэтро «Плошча Леніна», «Кастрычніцкая», «Плошча Перамогі» і «Плошча Якуба Коласа», перадае чытач. Закрытыя таксама «Няміга», «Фрунзэнская» і «Маладзёжная», перадае «Наша ніва».

Так было і ў папярэднія нядзелі, калі праходзілі маршы пратэсту.

13:15 4.10.2020

Першыя затрыманьні ў Менску

На праспэкце Пераможцаў у Менску заўважылі першае затрыманьне. «Белсат» перадае, што ў раёне Нямігі «людзі ў цывільным» затрымалі яшчэ аднаго чалавека.

12:54 4.10.2020

4 кастрычніка ў цэнтры Менску

12:50 4.10.2020

4 кастрычніка ў Сьмілавічах

12:44 4.10.2020

«Беларусы хочуць жыць на волі, а не ў турме», — Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская.
Сьвятлана Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да ўдзельнікаў маршу 4 кастрычніка ў падтрымку палітвязьняў.

«Сэрца беларускага народу зноў разьбітае. Памёр яшчэ адзін чалавек: мэдыкі дыягнаставалі ў Дзяніса Кузьняцова, дастаўленага з Акрэсьціна, пераломы касьцей чэрапа, адкрытую траўму галавы, гематомы, пераломы рэбраў, удар лёгкага. Супрацоўнікі ізалятара кажуць: ён „зваліўся з нараў“.

Страшна, што людзі гінуць, што іх забіваюць у катавальнях. Страшна, што іх сьмерць прыкрываюць відавочнай хлусьнёй. Страшна, што ў турмах знаходзіцца велізарная колькасьць людзей, кінутых туды за тое, што асьмеліліся змагацца за свабоду»,-- заявіла Ціханоўская.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG