Скасаваньне Менскам акрэдытацыяў журналістам замежных СМІ — трывожны сыгнал, які паказвае, што прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, відавочна, не прадстаўляе інтарэсы сваёй краіны і народу.
Гэта гаворыцца ў сёньняшняй заяве МЗС Нямеччыны, якую цытуе ТАСС.
«Кіраўніцтва Беларусі пазбавіла акрэдытацыяў замежныя СМІ. Гэта новае абуральнае ўмяшаньне ў свабоду друку і выказваньня думкі», — лічаць у Бэрліне.
«Гэты трывожны крок, на наш погляд, зноў паказвае, што Лукашэнка, відавочна, больш не прадстаўляе інтарэсы свайго народу і краіны», — гаворыцца ў заяве.
Нямецкі МЗС падкрэсьлівае, што пра гэта таксама кажа «пагроза скараціць дыпляматычную прысутнасьць некаторых замежных прадстаўніцтваў». «Той, хто дзейнічае такім чынам, хацеў бы, каб за яго дзеяньнямі не назіралі», — адзначылі ў МЗС Нямеччыны.