Міністэрства замежных справаў распрацавала новую рэдакцыю Палажэньня аб парадку акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусі журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі.
2 кастрычніка прынята адпаведная пастанова Савету Міністраў, паведамляе ведамства.
Такое рашэньне МЗС патлумачыла тым, што папярэдняе Палажэньне было прынята яшчэ ў 2008 годзе і «ўжо не адпавядала ўзроўню разьвіцьця мэдыйнай галіны, новым тэндэнцыям у заканадаўстве», у ім быў «шэраг састарэлых палажэньняў, нормаў, якія не прымяняліся на практыцы, дыскрымінацыйных пунктаў».
«У сувязі з прыняцьцем новага Палажэньня дзеяньне выдадзеных раней акрэдытацыйных картак афіцыйна спыняецца з 2 кастрычніка 2020 году», — гаворыцца на сайце ведамства.
Прыём заявак онлайн на пераакрэдытацыю плянуюць тэхнічна адкрыць раніцай 5 кастрычніка, іх будзе разглядаць камісія ў пытаньнях акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ МЗС Беларусі, якая пачне працу ў новым складзе.
Прыярытэт пры акрэдытацыі будуць аддаваць грамадзянам дзяржаваў, у якіх зарэгістраваны замежны СМІ.
У паведамленьні адзначаецца, што ў новым палажэньні аб акрэдытацыі рэалізавана права «на легальную абарону інфармацыйнага сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь».
Некаторыя новаўвядзеньні ў новым палажэньні аб акрэдытацыі:
- працэдуры падачы дакумэнтаў на акрэдытацыю (як часовую, так і пастаянную), атрыманьня часовай акрэдытацыі пераведзеныя ў электронны фармат;
- журналісты змогуць самастойна раздрукаваць акрэдытацыйную картку для часовай акрэдытацыі;
- тэрміны разгляду пададзеных на акрэдытацыю дакумэнтаў скарацілі з 20 дзён да 5 для часовай акрэдытацыі, з 2 месяцаў да 30 дзён для пастаяннай;
- ўведзена магчымасьць падаўжэньня пастаяннай акрэдытацыі на тэрмін да 3 гадоў (раней — толькі да 1 году).
Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз у камэнтары журналістам сказаў, што «гэта ня нейкая зачыстка інфармацыйнага поля, спыненьне акрэдытацыі ці яшчэ штосьці з гэтым зьвязанае, а менавіта пераакрэдытацыя замежных СМІ паводле новых правілаў».
29 жніўня ўлады пазбавілі акрэдытацыі шэраг журналістаў замежных СМІ. Рашэньнем МЗС Беларусі акрэдытацыі пазбаўленыя:
- карэспандэнты Беларускай службы Радыё Свабода Алесь Дашчынскі, Алег Грузьдзіловіч, Уладзімер Грыдзін і Аляксандра Дынько,
- Аляксандар Грабёнкін і Сяргей Гапон з AFP,
- Васіль Фядосенка і Ўладзімер Косьцін з Reuters,
- Тацяна Мельнічук і Тацяна Януцэвіч з ВВС,
- Генадзь Шарыпкін зь Міжнароднага францускага радыё,
- Раман Васюковіч з «Настоящего времени»,
- Ільля Кузняцоў, Сяргей Сяргееў, Міхаіл Фамін зь нямецкага тэлеканалу ARD,
- Сяргей Грыц, Юры Карманаў з Associated Press.
Кіраўніца RFE/RL: Радыё Свабода будзе надалей выкарыстоўваць усе даступныя шляхі, каб забясьпечваць аўдыторыю навінамі без цэнзуры
Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар выступіла з заявай пра ануляваньне МЗС Беларусі акрэдытацыі карэспандэнтаў усіх замежных СМІ, у тым ліку беларускай службы Радыё Свабода.
«Мы глыбока расчараваныя, але ня зьдзіўленыя гэтым рашэньнем Міністэрства замежных справаў Беларусі ануляваць акрэдытацыі ўсім замежным СМІ, асабліва на фоне перасьледу журналістаў Радыё Свабода і іншых замежных СМІ ў апошнія тры месяцы», — гаворыцца ў заяве Дэйзі Сындэлар.
«Гэты ўчынак служыць відавочным сыгналам усім беларусам: урад Лукашэнкі не зацікаўлены ў тым, каб даць ім тое, што яны хочуць — доступ да розных пунктаў гледжаньня, адрозных ад тых, якія выказаў сам урад. Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода будзе надалей выкарыстоўваць усе даступныя шляхі, каб забясьпечваць нашу аўдыторыю ў Беларусі навінамі без цэнзуры, адказнай дыскусіяй і адкрытымі дэбатамі, якіх яны так відавочна жадаюць».