Тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным адбылася сёньня. Паводле БЕЛТА, падчас размовы «кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі самы шырокі спэктар тэм».
У поле зроку кіраўнікоў, піша БЕЛТА, быў цэлы шэраг міжнародных праблем, у тым ліку сытуацыя ў Нагорным Карабаху.
Ва ўзаемасувязі з наяўнымі эўрапейскімі праблемамі Аляксандр Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі і Расеі. І абмяняліся падрабязнай інфармацыяй аб становішчы ўнутры краін.
Значная ўвага падчас размовы была нададзена сытуацыі з распаўсюджваньнем COVID-19, выказана заклапочанасьць ростам захворваньняў гэтай інфэкцыяй.
Удзельнікі размовы абмеркавалі далейшыя дзеяньні для нармалізацыі транспартных зносін — авіяцыйных, чыгуначных і аўтамабільных — паміж дзьвюма краінамі.
Таксама вялікую ўвагу Аляксандр Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін надалі аналізу мінулых сумесных вайсковых вучэньняў «Славянскае братэрства — 2020».
Акрамя таго, кіраўнікі дзяржаў падрабязна абмеркавалі вынікі VII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі, падкрэсьлілі важную ролю ў двухбаковых адносінах прамых кантактаў на ўзроўні кіраўнікоў рэгіёнаў і прадпрыемстваў. Было выказана перакананьне, што пазытыўныя вынікі гэтай сумеснай працы павінны ў першую чаргу адчуць на сабе грамадзяне дзьвюх краін, піша БЕЛТА.
Сёньня стала вядома аб тым, што Ангела Мэркель і экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская правядуць перамовы на сустрэчы, якая адбудзецца 6 кастрычніка ў Бэрліне.
Пра гэта Свабодзе паведаміла прэсавая сакратарка Сьвятланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.
29 верасьня ў Вільні адбылася сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, які знаходзўіўся зь візытам у Літве.
30 верасьня адбылася тэлефонная размова паміж прэзыдэнтамі Францыі і Расеі.
1 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін мог бы быць пасярэднікам ва ўрэгуляваньні ўнутрыбеларускага крызісу.
І таксама 1 кастрычніка прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон паведаміў, што, на яго разуменьне, Пуцін можа згадзіцца на ролю пасярэдніка і на ўдзел АБСЭ ва ўрэгуляваньні крызісу ў Беларусі.