Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пампэо: Лукашэнка сам сябе прывёў да прысягі


Майк Пампэо
Майк Пампэо

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо заявіў, што выбары ў Беларусі былі фальсыфікацыяй і прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка сам сябе прывёў да прысягі, паведамляе «​Інтэрфакс».

«Мы абвясьцілі, што выбары былі фальсыфікацыяй, цягам некалькіх дзён пасьля іх завяршэньня. Мы выступалі супраць таго, каб ён сам сябе прывёў да прысягі. Мы ня думаем, што гэта мае сэнс. Мы ведаем, чаго хоча народ Беларусі. Яны хочуць нечага іншага. Яны хочуць свабоды. Яны хочуць павярнуць у іншы бок, якога ім ня даў прэзыдэнт Лукашэнка, і мы будзем побач зь імі, каб паспрабаваць дапамагчы ім, падтрымаць іх», — сказаў Пампэо ў інтэрвію Fox News.

Пампэо ўхіліўся ад адказу на пытаньне, ці гатовыя ЗША прызнаць легітымным прэзыдэнтам экс-кандыдата Сьвятлану Ціханоўскую.

«Мы ўсё яшчэ працуем над гэтым працэсам. (...) Мы шукаем інструмэнты, якія найлепшым чынам забясьпечаць вынікі, якіх патрабуе народ Беларусі, прычым ня толькі ў Менску, але і па ўсёй краіне», — адзначыў ён.

Дзяржсакратар дадаў, што ЗША далі зразумець Расеі, што ні ў чыіх інтарэсах ўмешвацца ў сытуацыю.

«Гэта не прынясе карысьці народу Расеі, гэта не прынясе карысьці народу Беларусі, гэта ўскладніць адносіны паміж усімі краінамі рэгіёну», — падкрэсьліў Пампэо.

У ноч на 2 кастрычніка лідэры ЭЗ узгаднілі плян увядзеньня санкцый да 40 асобаў, адказных за фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў і жорсткія рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў. Лукашэнка ў санкцыйны сьпіс не ўвайшоў.

1 кастрычніка Камітэт замежных справаў Кангрэсу ЗША прыняў праект пашырэньня Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, які ўнесьлі ў Палату прадстаўнікоў ЗША 6 кангрэсмэнаў (3 рэспубліканцы і 3 дэмакраты)

Калі законапраект будзе прыняты, то цягам 120 дзён дзяржсакратар і кіраўнік нацыянальнай выведкі ЗША мусяць даць справаздачу аб пагрозе сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі з боку Расеі. Яшчэ адзін даклад — аб маёмасьці Аляксандра Лукашэнкі — павінен быць падрыхтаваны міністрам фінансаў ЗША, дзяржсакратаром і кіраўніком выведкі на працягу 90 дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG