Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і першая лэдзі Мэланія Трамп заразіліся COVID-19. Пра гэта паведаміў сам Трамп.
«Мы неадкладна пачнём карантын і працэс аднаўленьня. Мы пройдзем гэта разам», — заявіў ён 2 кастрычніка ў Twitter.
Пара паведаміла аб станоўчых тэстах на COVID-19 празь некалькі гадзін пасьля таго, як стала вядома, што кансультантка і старшая дарадчыца прэзыдэнта ЗША Гоўп Гікс заразілася каранавірусам. Да гэтага яна некалькі разоў на працягу тыдня падарожнічала з Трампам.
З паведамленьня прэзыдэнта ЗША незразумела, якім будзе карантын і ці плянуе ён прыпыніць выбарчую кампанію ўсяго за месяц да выбараў.
Прэзыдэнту ЗША 74 гады, ён знаходзіцца ў групе рызыкі, у якой могуць разьвіцца ўскладненьні ад COVID-19.