Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта вельмі нізка». Берасьцейскую сям’ю пратэстоўцаў выклікалі ў камісію ў справах непаўналетніх


Андрэй і Паліна Шарэнды разам зь дзецьмі
Андрэй і Паліна Шарэнды разам зь дзецьмі

Паліну Шарэнду-Панасюк, жонку палітвязьня, актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Андрэя Шарэнды, камісія ў справах непаўналетніх папярэдзіла аб недапушчэньні браць з сабой на мірныя акцыі пратэсту дзяцей.

У сям’і берасьцейскіх актывістаў Андрэя і Паліны Шарэндаў два сыны: 11 і 4 гады. Паліна даўно працуе рэпэтытаркай, мае стабільны заробак, спраўна плаціць падаткі.

Бацьку — 2 разы па 15 сутак, маці — штраф 20 базавых

Андрэя і Паліну Шарэндаў затрымалі падчас «Маршу справядлівасьці» 6 верасьня. Паліна з малодшым сынам правялі 6 гадзін у пастарунку. Дзіця забралі сваякі, а Паліну пакінулі начаваць у ізалятары. Раніцай быў суд, жанчыне прызначылі штраф — 20 базавых велічыняў.

Андрэя Шарэнду за ўдзел у гэтым маршы асудзілі на 15 сутак, а 21 верасьня паўторна далі 15 сутак. Увесь гэты час яго трымаюць у ІЧУ Берасьця. Павінен выйсьці на волю 5 кастрычніка.

Першага кастрычніка Паліну разам з сынам выклікалі ў камісію ў справах непаўналетніх. Падтрымаць Паліну ў адміністрацыю Маскоўскага раёну Берасьця прыйшлі больш за 100 чалавек.

«Мы занялі цьвёрдую пазыцыю — дамагліся, каб нас ўсіх пусьцілі ў буданак і каб увесь гэты „цырк“ адбываўся пры адчыненых дзьвярах. Кожны сябар камісіі вымушаны назваць сваё прозьвішча, пасаду. Людзі ўсё гэта бачылі, прысутнічалі журналісты. Як у нармальнай краіне, усе бачылі, працэс быў галосны.

Сябры камісіі спрабавалі чытаць натацыі, што выйсьці зь дзіцем на вуліцу — гэта ледзьве не паталёгія. Маўляў, дзяцей браць з сабой нельга, гэта прыраўноўваецца да п’янства, алькагалізму.

Я думаю, што гэта пад уражаньнем ад такой колькасьці людзей абмежаваліся толькі папярэджаньнем», — расказала Свабодзе Паліна пасьля паседжаньня камісіі ў справах непаўналетніх.

«Я разумею, што папярэджаньне — гэта першы крок, далей будуць пагражаць статусам СНС»

Жанчына кажа, што марш быў цалкам мірны, было шмат людзей зь дзецьмі рознага ўзросту і нават у вазках. Людзі ішлі з кветкамі, а на іх наляцелі байцы АМАПу з аўтаматамі, адсеклі галаву калёны, заблякавалі, шмат народу затрымалі. Напалохалі пры гэтым дзяцей.

«Менавіта супрацоўнікі сілавых структур на мірных акцыях ствараюць небясьпеку, а ня ўдзельнікі. Яны не задумваюцца, калі затрымліваюць людзей, што палохаюць дзяцей, што дзеці могуць застацца без нагляду.

Я разумею, што гэтае папярэджаньне — першы крок, далей будуць пагражаць статусам СНС. Калі мяне затрымаюць яшчэ раз, будзе стаяць пытаньне аб наданьні дзецям статусу, што яны знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы. Калі спрабуюць ціснуць празь дзяцей, гэта вельмі нізка», — лічыць Паліна Шарэнда.

Жанчына выказвае вялікую падзяку ўсім, хто яе падтрымаў, прыйшоў на паседжаньне камісіі, проста патэлефанаваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG