Беларускі праваабарончы цэнтар «Вясна» і яго старшыня Алесь Бяляцкі сталі ляўрэатамі швэдзкай прэміі «За правільны лад жыцьця», якую таксама называюць альтэрнатыўнай Нобэлеўскай.
1 кастрычніка швэдзкі фонд Right Livelihood Award Foundation абвясьціў імёны ляўрэатаў прэміі «За правільны лад жыцьця». Адным зь ляўрэатаў прэміі стаў беларускі праваабаронца, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесь Бяляцкі і заснаваны ім у 1996 годзе праваабарончы цэнтар «Вясна» — «за рашучую барацьбу за рэалізацыю дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі».
Акрамя Бяляцкага, ганаровыя ўзнагароды атрымалі актывістка зь Нікарагуа Лоты Канінгэм Рэн, амэрыканскі юрыст Браян Стывэнсан і іранская абаронца правоў жанчын Насрын Сатудэ (Nasrin Sotoudeh).
Не зарэгістраваная ўладамі «Вясна» ўжо больш за 20 гадоў дапамагае беларусам адстойваць свае правы. За час свайго існаваньня праваабаронцы дапамаглі тысячам чалавек, удзельнічалі ў незьлічонай колькасьці адміністрацыйных і крымінальных працэсаў. Адной з галоўных задач арганізацыі зьяўляецца адмена ў Беларусі сьмяротнага пакараньня.
Актывісты «Вясны» неаднаразова зазнавалі перасьлед з боку ўладаў. Цяпер пад крымінальным перасьледам знаходзіцца каардынатарка «Вясны» Марфу Рабкову, якую праваабаронцы прызналі палітзьняволенай.
У 2011 годзе старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі быў прызнаны вінаватым ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і асуджаны на 4,5 гады пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Падставай для арышту сталі замежныя банкаўскія рахункі Бяляцкага, сродкі зь якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасьці «Вясны». Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі прысуд палітычна матываваным, а Бяляцкага — палітвязьнем.
Прэмія «За правільны лад жыцьця» (так званая «Альтэрнатыўная Нобэлеўская прэмія») — ўзнагарода, якая прысуджаецца міжнародным журы і парлямэнтам Швэцыі «за працу над практычнымі і ўзорна-паказальнымі рашэньнямі найбольш вострых праблем сучаснасьці», у такіх галінах, як абарона навакольнага асяродзьдзя, правы чалавека, здароўе, адукацыя. Агульная сума прэміі складае 3 мільёны швэдзкіх крон, у гэтым годзе кожны зь ляўрэатаў атрымае 1 мільён швэдзкіх крон (каля 112 тысяч даляраў).