Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі ў асобе беларускіх арганізацый патрабуе ад пракуратуры Менску справаздачы аб праведзенай працы ў сувязі з інфармацыяй аб катаваньнях затрыманых у ізалятарах, паведамляе «Прававая ініцыятыва».
З адпаведным супольным зваротам выступілі аб’яднаньне «Прававая ініцыятыва», праваабарончая арганізацыя Human Constanta, Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар, асьветніцка-сацыяльнае грамадзкае абʼяднаньне «Зьвяно» і «Цэнтар прасоўваньня правоў жанчын».
Праваабаронцы патрабуюць ад пракуратуры паведаміць:
- што зрабіў старшы памочнік пракурора Менску па наглядзе за выкананьнем заканадаўства органамі крымінальна-выканаўчай сыстэмы і прымусовага выкананьня М. Герашчанка для правядзеньня праверкі ўмоваў утрыманьня ў ЦІП і ІЧУ за жнівень 2020 году,
- якія акты пракурорскага нагляду былі вынесеныя па выніках праверкі.
Як падкрэсьліваюць праваабаронцы, праз 1,5 месяца пасьля зьяўленьня інфармацыі пра катаваньні ў ізалятарах у публічных крыніцах няма ніякай інфармацыі пра наведваньне пракуратурай ЦІП і ІЧУ і абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян.
- Пасьля жорсткага разгону акцый пратэсту 9–11 жніўня супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, да праваабаронцаў масава пачала паступаць інфармацыя аб катаваньнях і жорсткіх умовах у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) і ізалятарах часовага ўтрыманьня (ІЧУ).
- 13 жніўня беларускія праваабарончыя арганізацыі зьвярнуліся да міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева з патрабаваньнем спыніць катаваньні і жорсткае абыходжаньне з затрыманымі.
- 17 жніўня Сьледчы камітэт паведаміў, што ў ведамства зьвярнуліся больш за 700 чалавек з заявамі аб зьбіцьці сілавікамі.
- 26 жніўня ў сувязі з гэтымі заявамі пад эгідай Генпракуратуры стварылі міжведамасную камісію, куды, акрамя Генпракуратуры, увайшлі прадстаўнікі Сьледчага камітэту, Міністэрства ўнутраных спраў і Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз. Публічных паведамленьняў аб працы камісіі да гэтага часу не было.
- 20 жніўня беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі стварылі Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі, учыненых супраць удзельнікаў мірных акцый. Яго мэта — збор фактаў і доказаў пра ўжываньне катаваньняў да затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту ў Беларусі, каб у далейшым прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.