Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін заявіў пра беспрэцэдэнтны вонкавы ціск на Беларусь


Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

У відэазвароце да ўдзельнікаў Форуму рэгіёнаў Расеі і Беларусі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін таксама заявіў, што адносіны Масквы і Менску застаюцца брацкімі і саюзьніцкімі і не падпарадкуюцца каньюнктуры, паведамляе ТАСС.

«Цяпер, з улікам той няпростай сытуацыі, у якой апынулася Рэспубліка Беларусь, у тым ліку ва ўмовах беспрэцэдэнтнага вонкавага ціску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, хацеў бы яшчэ раз паўтарыць: стасункі Расеі зь Беларусьсю не залежаць ні часу, ні ад каньюнктуры, маюць пад сабой трывалы падмурак. Бо нашы дзяржавы аб’ядноўваюць трывалыя культурныя і духоўныя сувязі, якія ідуць каранямі ў стагодзьдзі; шырокія сваяцкія і сямейныя сувязі, агульная сумесная гісторыя».

Пуцін адзначыў, што пра значнасьць супрацоўніцтва рэгіёнаў дзьвюх краін ён гаварыў з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам 14 верасня ў Сочы.

«Дамовіліся больш энэргічна стымуляваць рэалізацыю ўзаемавыгадных праектаў паміж суб’ектамі Расейскай Фэдэрацыі і абласьцямі Рэспублікі Беларусь, шырэй практыкаваць ўзаемныя паездкі іх кіраўнікоў, кантакты па лініі палітычных, дзелавых, грамадзкіх і акадэмічных колаў, — сказаў Пуцін. — Гэта значыць, кіраўніцтва Расеі і Беларусі зацікаўленае ў тым, каб надаць дадатковы імпульс разьвіцьцю міжрэгіянальных сувязяў, якія зьяўляюцца адным з найважнейшых кампанэнтаў па-сапраўднаму брацкіх, добрасуседзкіх, сапраўды саюзьніцкіх адносін Расеі і Беларусі, адносін, пабудаваных на прынцыпах раўнапраўя і ўлічваньня інтарэсаў адзін аднаго».

Пуцін заявіў, што абедзьве краіны ня толькі пасьлядоўна паглыбляюць двухбаковыя сувязі, але і мэтанакіравана рэалізуюць Дамову аб стварэньні саюзнай дзяржавы і актыўна ўдзельнічаюць у дзейнасьці Эўразійскага эканамічнага саюзу.

«Мы разам вырашаем пытаньні абароннага будаўніцтва, процідзеяньня вострым сучасным выклікам і пагрозам, у тым ліку ў рамках Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы», — падкрэсьліў расейскі лідэр.

Сёньня у Вільні адбылася сустрэча былой кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Пасьля сустрэчы Макрон завіў, што прыкладзе максымальна магчымыя намаганьні, каб арганізаваць дыялёг уладаў Беларусі з грамадзтвам пад эгідай АБСЭ для правядзеньня новых выбараў у краіне. Напярэдані Макрон яшчэ раз заявіў, што Францыя не прызнае Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі.

Макрон запрасіў Ціханоўскую выступіць перад парлямэнтам Францыі. Яна прыняла прапанову.

Таксама Сьвятлана Ціханоўская сёньня ў Вільні заявіла, што на наступным тыдні адбудзецца яе сустрэча з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG