У Віцебску супрацоўнікі міліцыі правялі вобшук у доме Віталя Кузьнечыка, які разам з сынам Уладзіславам папрасіў прытулку і цяпер знаходзіцца на тэрыторыі амбасады Швэцыі ў Менску.
Хто такія Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі
11 верасьня Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі пераскочылі праз агароджу амбасады Швэцыі і папрасілі палітычнага прытулку. Паводле іх саміх, 6 верасьня ў Віцебску яны бралі ўдзел у акцыі пратэсту, дэманстрантаў жорстка затрымлівалі сілавікі. Кузьнечыкам удалося вырвацца, некалькі дзён яны хаваліся ў знаёмых.
Эўрапейскі суд па правах чалавека вывучае сытуацыю Віталя і Ўладзіслава, паведаміў Tut.by.
Афіцыйны прадстаўнік УУС Віцебскага аблвыканкаму Вольга Шкуратава раней паведаміла Tut.by, што адносна Віталя і Ўладзіслава праводзіцца праверка па факце нападу на супрацоўнікаў міліцыі падчас акцыі пратэсту.
Сфатаграфаваць пастанову на вобшук не дазволілі
Жонка Віталя Кузьнечыка Ніна расказала Свабодзе, што вобшук у іх доме прайшоў 18 верасьня, калі яе муж і сын ужо былі ў швэдзкай амбасадзе.
«Яны прыйшлі з пастановай, што Віталь нападаў на міліцыю. Гэта няпраўда, таму я не падпісала пастанову. Вобшук прайшоў спакойна, яны паводзілі сябе ветліва, акуратна агледзелі дом і склеп. Яны казалі і пра канфіскацыю маёмасьці, я сказала, што дом на маці і тут усё маё. Было двое панятых, і адзін паводзіў сябе вельмі нахабна», — кажа Ніна.
Вобшук праводзілі трое супрацоўнікаў у цывільным. Калі яны былі ўжо ў склепе, прыйшла жонка Ўладзіслава і пачала іх здымаць на відэа. Яны адразу надзелі маскі і прыгразілі ёй адказнасьцю, калі відэа зьявіцца ў інтэрнэце.
Пасьля вобшуку забралі сыстэмны блёк кампутара і флэшкі ад двух старых фотаапаратаў зь сямейнымі фатаздымкамі. Сфатаграфаваць пастанову на вобшук міліцыянты не дазволілі.
«Яны сказалі, што Віталь абвінавачваецца ў нападзе на міліцыю, казалі пра крымінальную адказнасьць. Потым нам стала вядома ад знаёмых, што таксама тэлефанавалі ў дзіцячы садок, пыталіся пра маіх унукаў, якая сям’я ў майго сына».
Сын вырваў бацьку ад сілавікоў
У міліцыю выклікалі гаспадароў двух суседніх дамоў, пыталіся, ці былі яны на мітынгах, паказвалі відэа, згадвалі пра Віталя і Ўладзіслава.
«Майго мужа схапілі, білі дубінкамі. Яму пырснулі ў твар газ з балёнчыка. Калі да іх падбег натоўп, сын спачатку ня ведаў, што там бацька. А калі ўбачыў, то ўлез у гэты натоўп сілавікоў, якія білі бацьку, і прыняў на сябе ўдары. Віталік вырваўся ад іх разам з бацькам.
Але ў нас нельга ратаваць тых, каго ўзялі. Таму пасьля муж і сын хаваліся, а міліцыянты іх шукалі, прыяжджалі сюды двойчы і да маёй сьвекрыві, — кажа Ніна. — У гэтай сытуацыі я ганаруся сваім сынам. Бо любы нармальны чалавек будзе так рэагаваць на выратаваньне блізкага чалавека. Было б горш, калі б ён гэтага не зрабіў, і мне было б гэта незразумела».
«Не было іншага выйсьця»
Спадарыня Ніна кажа, што ў яе мужа і сына не было іншага выйсьця, як зьвярнуцца па дапамогу ў амбасаду.
«Уцякаць празь мяжу — гэта рызыкоўна, бо знойдуць, заб’юць, яшчэ невядома, што б зь імі было. Была невядомасьць, рызыкаваць не было сэнсу, і яны знайшлі такое выйсьце. Там яны сябе больш спакойна адчуваюць, чым тады, калі іх шукалі. Тут ім адназначна ёсьць пагроза, тым больш што прыйшлі з пастановай аб крымінальнай справе. Магчыма, адыграла ролю тое, што яны зьвярнуліся па дапамогу ў амбасаду. Але цяпер крымінальныя справы налева-направа „шыюць“».
Спадарыня Ніна хвалюецца за далейшы лёс мужа і сына.
«Бачыце, як ён (Лукашэнка. — РС) трымаецца за ўладу. Гэта зразумела, бо яны там усе павязаныя крывёй і будуць трымацца да апошняга».
Паводле Ніны, у мэтах бясьпекі Віталю і Ўладзіславу раяць не выходзіць у двор амбасады, таксама там узмацнілі ахову. Ім перадаваў перадачу з рэчамі муж дачкі, якая жыве ў Менску.
«Там іх кормяць, нармальна да іх ставяцца. Заўтра мы плянуем перадаць ім яблыкі і грушы».
Кузьнечыкі: «Усё як і раней, умовы добрыя»
Пагутарыць зь Віталём і Ўладзіславам у Свабоды не атрымалася, яны сказалі, што пакуль не даюць інтэрвію і раяць зьвязвацца зь іх адвакатам. Паводле Віталя, у іх «усё як і раней, умовы добрыя». Таксама яны сказалі, што іх прасілі не распаўсюджваць фатаздымкі пакоя ў швэдзкай амбасадзе, дзе яны жывуць.